Кардынал Паралін аб новых прынцыпах унутранай камунікацыі ЕС
Аляксандр Амяльчэня - Pope
“Хто змагаецца з рэальнасцю, сур'ёзна рызыкуе”, - адзначыў Дзяржсакратар Яго Святасці.
У дакуменце Еўрапейскай камісіі пазначана, што “да кожнага чалавека трэба ставіцца аднолькава”, незалежна ад “полу, этнічнага паходжання, расы, інваліднасці і сексуальнай арыентацыі”. Таму, напрыклад, абрэвіятуры “Miss” і “Mrs” павінны быць заменены на адзіную „Ms”. Замест “пані і панове” трэба казаць “шаноўныя калегі”. Да транссэксуалаў неабходна звяртацца так, як яны гэтага жадаюць.
Інструкцыя раіць “не выкарыстоўваць назвы, тыповыя для пэўнай рэлігіі”, а таксама “пазбягаць дапушчэння, што ўсе – хрысціяне”. У якасці прыкладу прыводзіцца замена сказа “Божае Нараджэнне – гэта стрэс” іншым, больш агульным: “Святы – гэта стрэс”.
Паводле кард. Параліна, адыход ад усялякага роду дыскрымінацыі слушны і павінен рэалізоўвацца. Але гэта не можа быць дасягнута шляхам знішчэння разнастайнасці, якая характарызуе наш свет, метадамі ўніфікацыі ўсяго, без павагі да законных адрозненняў, якія, наадварот, павінны быць уключаны ў будаванне “поўнага і цэласнага чалавецтва”. Гэтага таксама не дасягаецца праз забыццё рэчаіснасці і знішчэнне каранёў, якія ў выпадку Еўропы ляжаць у хрысціянскім вымярэнні, што ўключае і хрысціянскія святы.
“Вядома, Еўропа абавязана сваім існаваннем унёску многіх, але, безумоўна, адзін з галоўных унёскаў, калі не самы важны, зрабіла хрысціянства”, - адзначыў Дзяржсакратар. Ён дадаў, што “знішчэнне адрозненняў і каранёў знішчае чалавечую асобу”.