Пантыфік пра важныя касцёльныя і міжнародныя падзеі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Словы Францішка прагучалі 21 лістапада 2021 г. пасля малітвы Анёл Панскі. “Учора ў Катавіцах быў беатыфікаваны кс. Ян Францішак Маха, забіты з нянавісці да веры ў 1942 г., падчас пераследу Касцёла з боку нацысцкага рэжыму. У цемры турмы ён знайшоў у Богу сілу і лагоднасць да прыняцця пакут. Няхай яго мучаніцкая смерць будзе плённым зернем надзеі і міру”, - сказаў Святы Айцец.
У дыяцэзіяльны Сусветны дзень моладзі Папа пажадаў, “каб усе маладыя людзі ў свеце адчулі сябе жывой часткай Касцёла, актыўнымі ўдзельнікамі яго місіі”. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ён заклікаў “не забывацца, што валадарыць – значыць служыць”.
“Сёння таксама адзначаецца Сусветны дзень рыбалоўства. Вітаю ўсіх рыбакоў і малюся за тых, хто жыве ў цяжкіх умовах, а часам, на жаль, на прымусовай працы. Я заахвочваю капеланаў і валанцёраў Stella Maris працягваць сваё душпастырскае служэнне на карысць гэтых людзей і іх сем’яў”, - звярнуўся Францішак.
Пантыфік згадаў яшчэ адзін Сусветны дзень – памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. “Будзем маліцца за іх і прыкладзём намаганні па прадухіленні аварый”, - заклікаў ён.
Перад тым, як прывітаць вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, Францішак звярнуўся са словамі падтрымкі для ініцыятыў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па дасягненні большага кантролю над гандлем зброяй.