Дзяржсакратар: Міжземнае мора стала месцам смерці і канфрантацыі
Аляксандр Панчанка – Pope
Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы ў рымскай базыліцы Маці Божай у Трастэверы, якое прайшло з нагоды Сусветнага дня бежанца, што будзе адзначацца 20 чэрвеня. У чуванні, арганізаваным дабрачыннай каталіцкай Супольнасцю св. Эгідзія, бралі ўдзел прадстаўнікі розных арганізацый, якія клапоцяцца пра мігрантаў. Яны разам маліліся за людзей, якія загінулі падчас небяспечных падарожжаў на еўрапейскі кантынент у надзеі знайсці тут мір, дабрабыт і шчаслівую будучыню. З 1990 г. іх колькасць склала больш за 43 тыс. чалавек.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што ў наш час Міжземнае мора хутчэй успрымаецца як месца канфрантацыі, чым сустрэчы. На берагах гэтага мора калісьці ўзніклі цудоўнейшыя цывілізацыі, але цяпер тут назіраецца заняпад грамадскага жыцця, беднасць і гнеў, гібель людзей, бясконцыя спрэчкі і дыскусіі, рознага роду маніпуляцыі, а ў першую чаргу вялікі ўзровень раўнадушша, лічыць кардынал Паралін.
Дзяржсакратар звярнуў увагу на распаўсюджаную тэндэнцыю да палітызацыі міграцыйнага крызісу, чаму ўласціва супрацьпастаўленне гасціннасці і абароны межаў, салідарнасці і бяспекі, інтэрнацыяналізму і патрыятызму. Нават многія вернікі хутчэй прытрымліваюцца палітызаваных позіркаў на міграцыю, чым радыкальнага слова Евангелля, якое заклікае да братэрства і любові да бліжняга, зазначыў іерарх, заклікаючы асаблівым чынам маліцца за палітычных лідараў, каб не шукалі вузкіх інтарэсаў, а садзейнічалі ўмацаванню салідарнасці і інтэграцыі.