Caritas Internationalis заклікаў скасаваць даўгі бедных краін
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Зварот пераклікаецца са словамі папы Францішка, які з моманту ўспышкі пандэміі неаднаразова заклікаў па крайняй меры часткова скасаваць запазычанасць.
Генеральны сакратар Caritas Internationalis Алаізіўс Джон адзначыў, што ліквідацыя даўгоў – адзіны спосаб пабудаваць будучыню. У якасці прыкладу ён згадаў Замбію, дзе доўг складае 45% гадавога дзяржаўнага бюджэту. Сродкаў, якія застаюцца, недастаткова для фінансавання сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Толькі афрыканскія ўрады выдзеляць сёлета больш за 23 мільярды долараў на пагашэнне запазычанасці перад прыватнымі крэдыторамі, што больш чым утрая перавышае кошт набыцця вакцын для ўсяго кантынента. Адсюль заклік да крэдытораў скасаваць даўгі і рэінвесціраваць сродкі ў аднаўленне пасля пандэміі.
Таксама Пантыфік нагадвае, што “сёння вызваленне ад запазычанасці – гэта глыбока гуманны жэст, які можа дапамагчы людзям развівацца, атрымліваць доступ да вакцын, аховы здароўя, адукацыі і неабходных працоўных месцаў".