ҽ

Прэзідэнты Балгарыі і Паўночнай Македоніі наведалі Ватыкан

Папа сустрэўся ў Ватыкане з Прэзідэнтам Балгарыі Руменам Радзевым і Прэзідэнтам Паўночнай Македоніі Стэва Пендароўскі. Візіт быў прымеркаваны да ўспаміну ў гэтых краінах святых Кірыла і Мятода.

Аляксандр Панчанка – Pope

У ходзе сардэчных перамоў Святога Айца з Руменам Радзевым, якія працягваліся каля 30 хвілін, адзначаліся добрыя двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Балгарыяй, а таксама ўзгадаўся візіт Францішка ў гэту балканскую краіну ў 2019 г.

Бакі абмеркавалі некаторыя моманты з гісторыі Балгарыі, уклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё грамадства, у прыватнасці значэнне дзейнасці арцыбіскупа Пятра Богдана Бакшэва, дзеяча балгарскага нацыянальнага адраджэння, аўтара Гісторыі Балгарыі, напісанай каля 350 гадоў таму, і перавыдадзенай нядаўна.

Падчас перамоў адбыўся абмен думкамі пра хрысціянскае адзінства, гістарычныя карані і сувязь з новымі пакаленнямі, абмяркоўваліся некаторыя пытанні палітычнага жыцця, у тым ліку праблема карупцыі і месца духоўных каштоўнасцей і этыкі ў сучасным грамадстве.

Францішак сустракаўся з Руменам Радзевым ужо ў трэці раз. Традыцыйны візіт прайшоў у кантэксце мерапрыемстваў з нагоды Дня балгарскай асветы, культуры і славянскага пісьменства – нацыянальнага свята, якое шырока адзначаецца ў Балгарыі 24 мая.

Падчас сустрэчы Папы з Прэзідэнтам Паўночнай Македоніі Стэва Пендароўскі таксама адзначаліся добрыя двухбаковыя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай, падкрэсліваліся глыбокія гістарычныя сувязі, агульныя духоўныя і культурныя каштоўнасці і традыцыі. Бакі звярталі ўвагу на важнасць падтрымкі міжнароднага дыялогу і рэлігійнай свабоды.

Палітыкі правялі перамовы таксама з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Пасля візіту ў Ватыкан лідары балканскіх краін, разам з дэлегацыямі, якія іх суправаджалі, наведалі рымскую базыліку св. Клімента, у якой захоўваюцца рэліквіі аднаго з апосталаў славянскіх народаў, св. Кірыла. Тут прайшла ўрачыстая літургія, якую ўзначаліў епіскап Антоній (Міхалеў), Мітрапаліт Заходняй і Цэнтральнай Еўропы Балгарскай Праваслаўнай Царквы.

На заканчэнне набажэнства яго ўдзельнікаў прывітаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Іерарх нагадаў, што святыя Кірыл і Мятод з’яўляюцца духоўным мастом паміж усходняй і заходняй хрысціянскімі традыцыямі і могуць дапамагчы зноў прыйсці, праз дыялог і малітву, да бачнага адзінства ў дасканалай еднасці.
 

28 мая 2021, 10:19