Laudato si’ уплывае на палітыку Еўрапейскага Саюза
Аляксандр Панчанка – Pope
27 мая 2021 г. Еўрапейскі альянс Laudato si’, заснаваны Камісіяй Біскупскіх Канферэнцыі Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), правёў вэбінар з удзелам прадстаўнікоў Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па клімаце, інфраструктуры і навакольным асяроддзі. Форум быў прымеркаваны да шостай гадавіны энцыклікі папы Францішка Laudato si’. Яго адкрыў кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга і старшыня COMECE.
Падчас анлайн-канферэнцыі на тэму Мара, праект, шлях звярталася асаблівая ўвага на важнасць супрацоўніцтва паміж ЕС і Касцёлам у Еўропе. У наш час як ніколі патрэбна здольнасць выходзіць за рамкі логікі кароткатэрміновых палітычных рашэнняў, пашыраць позірк, каб глядзець далей за час, адмераны чалавечаму жыццю. У сувязі з гэтым фундаментальнае значэнне мае ўклад Касцёла, - заўважыў у каментары для Pope Анджэла Сальцы з Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па клімаце, інфраструктуры і навакольным асяроддзі.
Эксперт прызнаўся, што асабіста быў сведкам беспрэцэдэнтнай увагі да “экалагічнай” энцыклікі Папы. Сальцы распавёў, што пасля з’яўлення Laudato si’ “на працягу некалькіх тыдняў у калідорах еўрапейскіх структур не размаўлялі ні пра што іншае, акрамя яе”. Ён падкрэсліў, што ў праекце Green Deal, які запусціла Еўрапейская камісія, моцна адчуваецца ўплыў энцыклікі.
Сальцы звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва з COMECE, якая праводзіць маніторынг палітычных працэсаў у Еўрапейскім Саюзе, што перакрыжоўваюцца з інтарэсамі Касцёла. Ён нагадаў, што паміж еўрапейскімі біскупамі і прадстаўнікамі структур ЕС адбываюцца рэгулярныя фармальныя і нефармальныя кантакты, а гэта стварае магчымасці для сумеснай працы.