ҽ

Ян Павел ІІ падчас сустрэчы з Алі Агджой. 1983.12.27 Ян Павел ІІ падчас сустрэчы з Алі Агджой. 1983.12.27  

Ці адкрые Алі Агджа праўду пра замах на Яна Паўла ІІ?

15 мая 2021 г. Мехмет Алі Агджа ў чарговы раз даў інтэрв’ю на тэму падзей 13 мая 1981 г. Сорак гадоў таму ён страляў у Яна Паўла ІІ на плошчы св. Пятра.

Ян Глінскі - Pope

Тэрарыст і на гэты раз апавядае новую заблытаную версію здарэння. Агджа не просіць прабачэння за сваё злачынства, як і ніколі раней.

У сувязі з гэтым 84-гадовы італьянскі журналіст, былы намеснік галоўнага рэдактара ватыканскага выдання L’Osservatore Romano, Джанфранка Свідэркоскі абнародаваў адкрыты ліст да і Агджы.

У ім журналіст дзеліцца ўспамінам пра сваю сустрэчу са св. Янам Паўлам ІІ за некалькі месяцаў да яго смерці. “Я пайшоў абмеркаваць фільм, які мы здымалі пра яго, і ў пэўны момант узнікла тэма замаху. А ён, у чарговы раз, не з меншай роспаччу, паўтарыў мне, што носіць у сваім сэрцы (і, відавочна, насіў яго да смерці) цяжар таго, што ніколі за сваё жыццё не пачуў ад тэрарыста ніводнага слова ці просьбы аб прабачэнні. (…) І зноў распавёў мне як моцна быў ашаломлены, калі спаткаў яго ў вязніцы і пачуў яго першыя словы: “А чаму ты не мёртвы? Я добра цэліў”.

Свідэркоскі ў адкрытым лісце заклікаў Агджу папрасіць прабачэння, чаго ён не зрабіў пры жыцці Папы. “І гэтыя словы скрухі вы можаце прамовіць, праліўшы хоць крыху праўды на тое, што адбылося”.

Італьянскі журналіст ставіць да тэрарыста шэсць пытанняў, праўдзівыя адказы на якія могуць праліць святло на тое, што дагэтуль застаецца ў таямніцы.

Першае пытанне журналіста: хто дапамог Агджы збегчы з турмы Kartel Malpete, якая з’яўляецца аб’ектам максімальнай бяспекі? Ці не быў гэта савецкі КДБ? “Я натыкнуўся на дзіўны збег акалічнасцей. У сакрэтным дакуменце, датаваным 13 лістапада, – а гэта за 12 дзён да Вашых уцёкаў – ідэолаг КПСС Суслаў заклікаў краіны Усходу і іх тайную паліцыю знішчыць Яна Паўла ІІ пасля яго трыумфальнага падарожжа ў Польшчу. Суслаў выразна прасіў КДБ, у выпадку неабходнасці, выкарыстаць “новыя сродкі” з мэтай нападу на Папу паляка”.

У другім пытанні журналіст хоча разабрацца, ці хацеў Агджа сваімі пагрозамі (праз паведамленне ў СМІ і паліцыю аб намеры забіць Яна Паўла ІІ) “схіліць Папу не займацца ўжо так адкрыта Польшчай”?

Праз трэцяе пытанне журналіст спрабуе высветліць, адкуль у Агджы былі грошы на пражыванне ў гатэлях-люкс пасля пабегу з турмы?

У чацвёртым апавядаецца пра бунт палякаў супраць партыйнай дзяржавы і іх актыўную антысавецкую пазіцыю. “Спецыяльныя службы пачалі думаць, што надышоў момант выдаліць таго, хто даў пачатак гэтай рэвалюцыі. (…) Хто з вамі скантактаваўся?”

Пятае пытанне закранае падзеі 13 мая 1981 года – дзень замаху. Між іншым, журналіст цікавіцца, чаму Агджа, калі яго схапілі, пачаў нешта казаць, а потым раптам замаўчаў. “Ці не знаходзіліся вы ў небяспецы” ў той момант?

У апошнім пытанні журналіст цікавіцца, што Агджа адчувае пасля гэтых 40 гадоў. Ці з’явілася ў ім скруха?
 

22 мая 2021, 11:03