ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: езуіты хочуць сабраць кампенсацыю для патомкаў нявольнікаў

Супольнасць езуітаў у ЗША вырашыла стварыць спецыяльны фонд у 100 мільёнаў долараў для выплаты кампенсацый патомкам нявольнікаў і “паяднання паміж расамі ва ўсіх аб’яднаных штатах”.

Як паведаміў у інтэрв’ю англійскаму The Guardian кс. Цімаці Кесіцкі, старшыня Езуіцкай Канферэнцыі ЗША і Канады, што аб’ядноўвае пяць правінцый Таварыства Езуса, гэтая ініцыятыва “будзе для езуітаў нагодай для сур’ёзнага распачацця працэсу адкрывання праўды і паяднання”.

Гаворка ідзе пераважна пра езуіцкі Джорджтаўнскі ўніверсітэт у Вашынгтоне, які ў 30-я гады XIX ст. перажываў фінансавыя праблемы і, каб справіцца з імі, вырашыў прадаць 272 нявольнікаў, якімі валодаў, разам з іх сем’ямі на працы на плантацыях, дзе былі значна горшыя ўмовы.

Паводле гісторыка з універсітэта ў Сіэтле кс. Томаса Мёрфі, законнікі ў тыя часы не лічылі гандаль нявольнікамі нечым амаральным. Уцэлым да іх ставіліся як да часткі “маёмасці” (assets). Таму, нягледзячы на супраціў некаторых айцоў, нявольнікі прадаваліся.

Патомкі людзей, якіх прадавалі ў рабства, у 2016 г. заснавалі арганізацыю GU272 Descendants Association. У маі наступнага года яе старшыня Джозэф Сцюарт, глыбокаверуючы католік, накіраваў ліст да генеральнага настаяцеля езуітаў у Рыме кс. Артуро Сосы, у якім прапаноўваў абмеркаваць пытанне рэпарацыі. Праз месяц Сцюарт атрымаў адказ, у якім валоданне нявольнікамі называлася “грахом супраць Бога і здрадай чалавечай годнасці”. У жніўні таго ж года распачаўся дыялог адносна гэтай справы, калі кс. Кесіцкі сустрэўся ў Мічыгане са Сцюартам.

Гэта ўжо не першая ініцыятыва езуітаў, звязаная з узгаданай праблемай. Такі ж фонд ствараўся ў 60-х гадах ХХ ст. правінцыяй у штаце Мэрылэнд.

З фінансавага пункту гледжання, езуіцкі фонд з’яўляецца “самым вялікім намаганнем Каталіцкага Касцёла” ў справе перапрашэння “сённяшніх афраамерыканцаў за ўчыненыя іх продкам крыўды”.
 

20 сакавіка 2021, 11:27