ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  

Папскі астраном: лічу, што навука мае патрэбу ў рэлігіі

"Ватыкан займаецца касмалогіяй, таму што Бог з'яўляецца аўтарам космасу, і знаёмства з ім – гэта спосаб наблізіцца да Створцы", - патлумачыў дырэктар Ватыканскай абсерваторыі.

Езуіт Гай Кансальманьё прыняў удзел у віртуальным семінары для выкладчыкаў і студэнтаў Loyola Marymount University ў Каліфорніі. ВНУ запрасіла папскага астранома, паколькі многія з яе выпускнікоў працуюць у кампаніях, звязаных з авіяцыяй і даследаваннем космасу. Па словах універсітэцкіх уладаў, неабходна пастаяннае абнаўленне ведаў у галіне ўзаемасувязі навукі і рэлігіі, каб будучыя інжынеры і вынаходнікі мелі больш шырокую карціну навакольнага свету.

З свайго офіса ў Ватыканскай абсерваторыі, размешчанай на вяршыні гары Грэм на паўднёвым захадзе Арызоны, езуіт патлумачыў, як запал да астрафізікі можна гарманічна спалучаць з каталіцкай верай. “Калі мы пазнаём Космас і розумам, і сэрцам, можам знайсці ў ім Бога. А ў тым выпадку, калі выкарыстоўваем толькі адзін з гэтых метадаў, наш вобраз Створцы будзе вузкім і несапраўдным”, - перакананы ватыканскі астраном. "Вы не даведаецеся пра існаванне Бога з дапамогай тэлескопа, але гэта можа дапамагчы вам адкрыць Яго асобу", - дадаў езуіт.

Ён паказаў студэнтам, якія сабраліся перад экранамі камп'ютэра, здымак з тэлескопа ў Арызоне, які дэманструе групу галактык. "Кожнае святло на гэтай карціне – гэта мільярды зорак і планет, і такіх галактык, якія мы можам бачыць, сотні мільярдаў", - заўважыў ён. “Каб зразумець усё гэта, нам патрэбна рэлігія. Я лічу, што навука мае патрэбу ў рэлігіі, хаця не кожная рэлігія пагаджаецца з навукай", - дадаў навуковец. Ён запэўніў, што знаходзіць радасць у навуковых даследаваннях менавіта таму, што праз сваю працу мае магчымасць пазнаваць Бога.

Ватыканская абсерваторыя – адзін з самых старажытных астранамічных цэнтраў у свеце. Яе вытокі адносяцца да 1582 г., калі Грыгорый XIII стварыў камітэт па вывучэнні навуковых дадзеных, неабходных для рэфармавання календара. Першая касмічная абсерваторыя была заснавана ў 1891 г. Львом XIII.
 

18 сакавіка 2021, 11:38