ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: знешні доўг не дае развівацца бедным краінам

Апостальская Сталіца заклікае міжнародную супольнасць спісаць знешні доўг бедных краін, а таксама прапанаваць ім пакет дапамогі для аздараўлення эканомікі і ўстойлівага развіцця.

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры структурах ААН у Нью-Ёрку прыняў удзел у дыскусіі аб макраэканамічных наступствах пандэміі каронавіруса. Арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача звярнуў увагу на патрэбу ў трансфармацыі глабальнай эканомікі, каб яна па-сапраўднаму служыла чалавеку.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што пандэмія нанесла сур’ёзны ўдар па “фінансавай інклюзіўнасці і ўстойліваму развіццю”. Яе ўздзеянне было разбуральным для эканомікі, сферы занятасці, міжнароднага і нацыянальнага гандлю.

Дзяржавы, сем’і, асобныя людзі – амаль ніхто не пазбегнуў эканамічных цяжкасцяй, але некаторыя людзі і краіны пацярпелі асабліва моцна. Дзяржавы, якія знаходзяцца на шляху развіцця, у барацьбе з пандэміяй, часта не маючы сістэмы аховы здароўя, адпаведнай для гэтага, перажылі “трайны эканамічны шок”: “крах экспартнага попыту, падзенне цэн на сыравіну і беспрэцэндэнтны адток капіталу”, - зазначыў іерарх.

Дзеля пераадолення глабальнага эканамічнага крызісу арцыбіскуп Кача заклікаў міжнародную супольнасць да сумеснай працы, накіраванай на гарантаванне пакету дапамогі для аднаўленні эканамічнай дзейнасці. Аб’ектамі асаблівай увагі павінны стаць малыя і сярэднія прадпрыемствы, бо менавіта яны з’яўляюцца асновай эканомікі многіх бедных краін.

Ватыканскі дыпламат таксама заўважыў, што ўсё часцей і часцей работнікі з “нефармальнай” занятасцю, з частковай ці сезоннай працай, многія з якіх мігранты, каб выжыць звяртаюцца да дабрачынных арганізацый і рэлігійных структур.

Арцыбіскуп звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што краіны, якія развіваюцца, вымушаны накіроўваць значную частку сваіх, і без таго невялікіх, нацыянальных рэсурсаў на выплату знешняга доўга, што падрывае іх цэласнае развіццё, аслабляе сістэму аховы здароўя і адукацыі, а таксама зніжае “здольнасць дзяржаў ствараць умовы для рэалізацыі правоў чалавека”.

У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца заахвочвае міжнародную супольнасць устараніць эканамічныя дысбалансы паміж дзяржавамі, якія ўсё больш узрастаюць, праз рэструктурызацыю, а ў канчатковым выніку, праз спісанне знешняга доўга найбольш уразлівых краін, з улікам эпідэміялагічнага, сацыяльнага і эканамічнага крызісу, з якім яны сутыкнуліся па прычыне COVID-19.

Ватыканскі дыпламат заклікаў да супрацоўніцтва ў барацьбе з нелегальнымі фінансавымі патокамі, якія “пазбаўляюць краіны рэсурсаў неабходных для аказання сацыяльных паслуг, фінансавання праграм па барацьбе з беднасцю і паляпшэння інфраструктуры”, а таксама спрыяюць крымінальнай актыўнасці, якая з’яўляецца пагрозай для прававой дзяржавы і палітычнай стабільнасці.
 

09 кастрычніка 2020, 10:10