ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: прыярытэт – барацьба з голадам

Неабходна працаваць на карысць умацавання харчовай бяспекі і ўстойлівай сельскай гаспадаркі, - заклікаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку.

16 кастрычніка 2020 г. арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача звярнуўся да ўдзельнікаў 75-сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Ён нагадаў пра парадаксальную сітуацыю, калі ежы ў свеце дастаткова для ўсіх, але вялікая колькасць людзей працягвае пакутаваць ад голаду.

“Ліквідацыя голаду, дасягненне харчовай бяспекі, паляпшэнне якасці харчавання і спрыянне ўстойлівай сельскай гаспадарцы, павінны заставацца фундаментальнымі прыярытэтамі”, - падкрэсліў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Арцыбіскуп Кача звярнуў увагу на ўзаемасувязь паміж голадам і беднасцю. Ён заўважыў, што недастатковая колькасць і нізкая якасць ежы кепска ўплываюць на здольнасць чалавека вучыцца і працаваць. Дыпламат нагадаў таксама, што ўсё большая і большая колькасць людзей у свеце мае доступ выключна да нізкаякасных прадуктаў харчавання, што становіцца прычынай шматлікіх хваробаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што пандэмія каронавіруса прывяла да падзення сельскагаспадарчай вытворчасці і абмежавання экспарту прадуктаў, што яшчэ больш абцяжарыла сітуацыю людзей, якія пакутуюць ад голаду і недаядання. Ён нагадаў пра сітуацыю сезонных рабочых, якія ў новых умовах пазбавіліся магчымасці ўтрымліваць свае сем’і.

Ватыканскі дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць прыняць належныя меры для падтрымкі сельскагаспадарчага сектару, бо “харчовай бяспекі можна дасягнуць толькі калі сацыяльныя структуры будуць адказваць на патрабаванні справядлівасці і павагі да неад’емнай годнасці кожнага чалавека”.

Існуе патрэба ў новай ментальнасці, у палітыцы развіцця, якая будзе ставіць у цэнтр чалавека, прасоўваюць сацыяльную справядлівасць, салідарнасць і павагу да плёнаў зямлі і працы рук людскіх, гарантуючы роўны доступ да дабротаў і рэсурсаў, неабходных для жыцця і цэласнага развіцця кожнай асобы.
 

19 кастрычніка 2020, 12:15