ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

New York Times пра законніцу і яе рэвалюцыю ў жаночых турмах

13 жніўня 2020 г. у Нью-Ёрку ў кляштары Кангрэгайцыі сясцёр св. Юзафа памерла законніца Ілэйн Рулет, якая зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў жаночых турмах. Ёй было 89 гадоў.

Яна стварыла інавацыйную праграму дапамогі зняволеным і іх дзецям, якая выкарыстоўваецца сёння ў шматлікіх амерыканскіх папраўчых установах. Вялікі артыкул пра сястру-юзафітку і яе дзейнасць выйшаў у New York Times.

На гэты артыкул у сваім спецыяльным лісце спаслаўся біскуп дыяцэзіі Роквіль-Цэнтр (Нью-Ёрк) Джон О. Барэс. Ён назваў жыццё памерлай сястры “прыкладам прарочага паклікання, дзе глыбокая блізкасць з Езусам Хрыстом стварыла новую місію для Каталіцкага Касцёла ў Лонг-Айлендзе і штаце Нью-Ёрк”.

Сястра Ілэйн кіравалася простым правілам: “Вязні, большасць з якіх маці, павінны рэгулярна бачыцца з дзецьмі. Яны таксама павінны навучыцца “быць бацькамі”, што, у сваю чаргу, можа прывесці да “вылячэння душы і не паўтарэння мінулых канфліктаў у наступных пакаленнях”.

Яна пачала са стварэння “Дзіцячага цэнтра” ў жаночай турме з самым высокім узроўнем бяспекі ў Бэдфард-Хілз. Маці-зняволеныя маглі бавіць час з дзецьмі, а не проста бачыць іх твары праз шкло, а адразу пасля нараджэння жыць з імі 12-18 месяцаў. Пазней гэтую схему пачалі рэалізоўваць у турмах па ўсёй краіне.

Сястра Ілэйн Рулет была звязана з Нью-Ёркам усё сваё жыццё. Нарадзілася яна 5 кастрычніка 1930 г. у Маспет, каля Куінс. Жыццё было няпростым: бацька памёр, калі яна была яшчэ дзіцём, а маці давялося шмат працаваць на ваенна-марской верфі ў Брукліне.

Пасля прыходу ў жаночы манастыр і заканчэння педагагічнага Бэнк-Стрыт-Коледж на Манхэтэне яна паступова зацікавілася цяжкім становішчам жанчын, якія знаходзяцца ў зняволенні, пераканаўшыся, што “ў дзіцяці павінна быць магчымасць расці разам з маці, якія вучацца быць добрымі бацькамі”.

У інтэрв’ю 1995 г. сястра Ілэйн выказала перакананне: “Смех – гэта, мабыць, найбольш пажаданы Богам гук на зямлі, і я пераканана, што пачуццё гумару можа прымусіць многія праблемы знікнуць”. У канцы жыцця законніца пакутавала ад дэменцыі. Сваю хваробу яна, аднак, перажывала з усмешкай і гумарам.
 

26 жніўня 2020, 12:31