ҽ

1591232287419.jpg

Старшыня Папскай акадэміі: перамагчы расізм верай і гуманізмам

“Расізм з’яўляецца для душы тым, чым каронавірус для арганізма. Ён распаўсюдзіўся па ўсім свеце і павінен быць ліквідаваны”, - заявіў старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья пракаментаваў смерць Джорджа Флойда ў Мінеапалісе і наступныя акцыі пратэсту з гэтай прычыны на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў.

Іерарх адзначыў, што расізм можна перамагчы толькі шляхам рэвалюцыі братэрства. “Сапраўдная сіла, якая ратуе нас ад нашай слабасці, – гэта братэрства і салідарнасць. Гэтак жа, як перамагаем каронавірус, мы таксама пераможам расізм. Барацьба з ім не можа засноўвацца на гвалце, але на прынцыпах Марціна Лютэра Кінга: словах, культуры, веры і гуманізме. Недастаткова маўчаць. Тыя, хто супраць расізму, павінны пра гэта гучна гаварыць”, - сказаў арцыбіскуп Палья.

На яго думку, наспеў час напісання папскага дакумента на тэму расізму. Ён нагадаў думку Францішка з мінулагодняга паслання “Чалавечая супольнасць” да 25-годдзя Папскай акадэміі жыцця. Разважаючы пра падзелы, якія існуюць у сучасным свеце, ён напісаў: “Пачуццё братэрства паміж людзьмі і народамі было аслаблена эрозіяй узаемнага даверу”.

Іерарх лічыць, што братэрства паміж народамі стане магчымым толькі ў тым выпадку, калі ўсе прызнаюць, што мы адна сям’я з 7 мільярдамі членаў. “У краіне з такімі традыцыямі, як ЗША, гэта вялікая місія каталіцызму”, - перакананы старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

04 чэрвеня 2020, 12:23