ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Медыцынскае абсталяванне ад Папы дастаўлена ў Мадрыд

Апостальскі нунцый у Іспаніі, арцыбіскуп Бернадзіта Ауса перадаў у мадрыдскі каталіцкі шпіталь Сан-Рафаэль тры апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, ахвяраваныя Святым Айцом.

У цырымоніі перадачы сучаснага медыцынскага абсталявання, тэрмінова неабходнага ва ўмовах пандэміі каронавіруса, прынялі ўдзел таксама арцыбіскуп Мадрыдскі, кардынал Карлас Асора Сьера, і мэр іспанскай сталіцы Хасэ Луіс Марцінэс-Алмэда.

Арцыбіскуп Ауса запэўніў персанал клінікі ў блізкасці Святога Айца, у яго заклапочанасці вялікай колькасцю ахвяр пандэміі і яе негатыўнымі наступствамі, у першую чаргу, для эканамічнай і сацыяльнай сфер.

Кіраўніцтва шпіталя падкрэсліла, што абсталяванне, атрыманае ад Папы, дапаможа працягваць аказваць якасную дапамогу хворым, што з’яўляецца таксама ўкладам Касцёла ў барацьбу з пандэміяй.

Мэр Мадрыда заўважыў, што “у гэтыя складаныя часы, калі пакутуе вялікая колькасць людзей”, дзякуючы працы Касцёла, дыяцэзій, каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas і іх супрацоўніцтву з гарадской адміністрацыяй, атрымалася аказаць дапамогу шматлікім сем’ям.

Цырымонія завяршылася супольнай малітвай у капліцы шпіталя за ахвяр каронавіруса і хворых.

У Іспаніі памерлі больш за 23 тыс. чалавек з каронавірусам. Краіна стала трэцяй у свеце па колькасці ахвяр інфекцыі пасля ЗША і Італіі. На цяперашні час зарэгістравана каля 207 тыс. выпадкаў заражэння.
 

27 красавіка 2020, 13:15