ҽ

1586514146387.JPG

Біскупы ЗША: не ўсе метады стварэння вакцыны этычна прымальныя

Ва ўсім свеце працягваюць шукаць вакцыну супраць новага коронавіруса, але не ўсе метады этычна прымальныя. На гэта звярнула ўвагу Канферэнцыя Біскупаў Злучаных Штатаў.

Падставай для занепакоенасці стаў факт заключэння Міністэрствам аховы здароўя краіны кантракту з буйной фармацэўтычнай кампаніяй, якая праводзіць даследаванні вакцыны, вырабленай з выкарыстаннем клетак абарціраваных дзяцей.

Біскупы ЗША звярнуліся да Упраўлення па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў з заклікам забяспечыць захаванне этычных прынцыпаў, каб “ні адзін амерыканец не быў вымушаны выбіраць паміж прышчэпкай супраць патэнцыйна смяротнай хваробы і ўласным сумленнем”.

“Мы пераканана падтрымліваем намаганні па хуткім стварэнні эфектыўнай, бяспечнай і даступнай для ўсіх вакцыны, але з той жа перакананасцю заклікаем федэральны ўрад гарантаваць пры стварэнні гэтай вакцыны захаванне асноўнага і найважнейшага маральнага прынцыпу: чалавечае жыццё святое і не павінна выкарыстоўвацца ні пры якіх абставінах”, - заявілі біскупы.

“На шчасце, - напісалі амерыканскія іерархі, - для стварэння вакцыны супраць COVID 19 няма ніякай неабходнасці выкарыстоўваць клеткавыя лініі, праблематычныя з этычнага пункту гледжання”.

20 красавіка 2020, 13:17