ҽ

UN0185410.jpg

Святы Пасад у Савеце Бяспекі ААН пра сітуацыю на Блізкім Усходзе

Святы Пасад запэўнівае міжнародную супольнасць у сваёй падтрымцы мірных ініцыятыў, якія ажыццяўляюцца за сталом перамоў, - заявіў прадстаўнік Місіі ў ААН, мансеньёр Фрэдэрык Хансэн.

Ватыканскі дыпламат выступіў у Савеце Бяспекі ў Нью-Ёрку на пасяджэнні, прысвечаным Блізкаму Усходу. Галоўнай тэмай стаў нядаўні зварот Францішка да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе. Папа выказаў заклапочанасць сітуацыяй у рэгіёне, адкуль з пачатку года працягваюць паступаць трывожныя весткі. У прыватнасці, гаворка ішла аб росце напружанасці ў стасунках паміж Іранам і ЗША, а таксама пра крызіс у Іраку і Ліване.

Па словах кс. Хансэна, гэтыя праблемы павінны вырашацца на аснове цэласнага падыходу і адкрытасці міжнароднай супольнасці да канструктыўнага дыялогу, заснаванага на прынцыпах ААН. Ён падкрэсліў, што Святы Пасад і Папа працягваюць надаваць асаблівую ўвагу Іерусаліму – Гораду міру. Дыпламат нагадаў пра заклік Францішка “захоўваць статус-кво іерусалімскіх святых месцаў, дарагіх юдэям, хрысціянам і мусульманам”, якія маюць вялікае значэнне для культурнай спадчыны ўсёй чалавечай сям’і. Неабходна, каб міжнародная супольнасць пацвердзіла сваю падтрымку ізраільска-палестынскаму мірнаму працэсу.

Увага Пантыфіка звернута таксама да Сірыі: нельга дапусціць, каб заслона маўчання пакрыла жорсткую вайну, якая спустошыла краіну за апошняе дзесяцігоддзе. Трэба шукаць адэкватныя рашэнні, якія дазволілі б вярнуць мір і аднавіць краіну. Акрамя таго, адзначыў ватыканскі дыпламат, Францішка турбуе абыякавасць да канфлікту ў Емене – краіна перажывае адзін з самых сур’ёзных гуманітарных крызісаў у найноўшай гісторыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 студзеня 2020, 15:17