ҽ

08625_29072016 AEM.jpg

Францішак пра 75-годдзе з дня вызвалення Аўшвіц-Біркенаў

Пантыфік заклікаў да малітвы ў гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Яго словы прагучалі 26 студзеня 2020 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

“Заўтра спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення лагера смерці Аўшвіц-Біркенаў. Перад абліччам гэтай вялікай трагедыяй, гэтай жорсткасці, абыякавасць недапушчальная, а памяць проста неабходная. Заўтра мы ўсе запрошаны да малітвы і памяці, каб сказаць у сваім сэрцы: ніколі больш! Ніколі больш!”, - сказаў Папа.

Францішак наведваў Аўшвіц-Біркенаў 29 ліпеня 2016 г. Ён пешшу прайшоў пад яго сумна вядомай ва ўсім свеце ўваходнай брамай з надпісам “Arbeit macht frei” (Праца робіць свабодным), памаліўся на месцах, дзе нацысты здзяйснялі публічныя экзекуцыі, сустрэўся з вязнямі, якія выжылі, і размаўляў з кожным з іх. “Пане, змілуйся над тваім народам. Пане, прабач гэтую вялікую лютасць”, - напісаў ён у кнізе ганаровых гасцей.

Францішак быў трэцім Пантыфікам, які здзейсніў візіт у Аўшвіц-Біркенаў. У 1979 г. тут быў св. Ян Павел ІІ, а ў 2006 г. – Бэнэдыкт XVI.

Лагер смерці быў вызвалены войскамі Чырвонай арміі 27 студзеня 1945 г. У гэты дзень па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 студзеня 2020, 12:47