ҽ

Папа Францішак і шэйх Ахмед Эль-Таеб Папа Францішак і шэйх Ахмед Эль-Таеб 

Святы Пасад: братэрства – штодзённы выклік

Братэрства павінна быць штодзённым выклікам, адказваць на які неабходна, каб аздаравіць наш паранены свет, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

У цэнтры дыскусіі, якая прайшла ў Жэневе, у рамках 42-й сесіі Рады па правах чалавека, была Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, якую Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар, шэйх Ахмед Эль Таеб, падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі зачытаў спецыяльнае пасланне арцыбіскупа Мігеля Анхэля Аюса Гішота, старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. У ім адзначаецца, што Дэкларацыя павінна быць не проста “дарожнай картай”, але стымуляваць да штодзённых дзеянняў.

Братэрства тычыцца не толькі ўласнага асяроддзя, супольнасці, культуры ці рэлігіі, але ўсяго чалавецтва, гаворыцца ў пасланні. “Няма альтэрнатывы: або мы будуем будучыню разам, або будучыні не будзе. У першую чаргу рэлігіі не могуць адмовіцца ад надзённай задачы пабудовы мастоў паміж народамі і культурамі”, - працытаваў іерарх словы Святога Айца.

Арцыбіскуп Гішот заклікаў будаваць братэрства, пераадольваючы цяжкасці, заўсёды застаючыся ўкаранёнымі ва ўласнай тоеснасці, пазбягаючы сінкрэтызму. Такім чынам можна служыць чалавецтва, спрыяючы міру, якога яно прагне, дадаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 верасня 2019, 14:59