ҽ

Кардынал Даніэль Дзінарда Кардынал Даніэль Дзінарда  

Кардынал крытыкуе новы міграцыйны закон у ЗША

Новы міграцыйны закон у ЗША супярэчыць амерыканскім і хрысціянскім каштоўнасцям, падкрэсліў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Злучаных Штатаў.

Кардынал Даніэль Дзінарда скіраваў ліст да Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у якім асудзіў новы міграцыйны закон. Ён забараняе мігрантам з-за паўднёва-заходняй мяжы хадайнічаць аб прадстаўленні прытулку, калі яны не падалі просьбу аб прытулку ў якую-небудзь трэцюю краіну, для прыбыцця ў якую неабходна ўехаць у ЗША.

“Асуджаю такі падыход, бо ён стварыў атмасферу страху ў нашых парафіях і выклікаў непрымальныя пакуты тысяч дзяцей, якія знаходзяцца на мяжы, таму што памежныя ўлады раздзяляюць сем’і”, - напісаў старшыня амерыканскага епіскапату.

Паводле кардынала Дзінарда, “спрабаваць перашкодзіць людзям эміграваць”, калі “яны ўцякаюць, каб выратаваць сваё жыццё і знайсці бяспеку для сваіх сем’яў” – гэта супраць “амерыканскіх і хрысціянскіх каштоўнасцей”.

Новыя бар’еры і перашкоды для мігрантаў, “адцягваюць нас ад маральнага абавязку і перашкаджаюць Злучаным Штатам прыняць ролю правадыра ў міжнароднай супольнасці, як гаранта права на прытулак”, - дадаў кардынал Дзінарда.

Іерарх, заўважыў, што ў першую чаргу дзейнічаць трэба не з дапамогай загадаў, нормаў і пагрозаў, але шукаючы “прычыны і справядлівыя рашэнні гуманітарнага крызісу, які падштурхоўвае сем’і ўцякаць, каб захаваць жыццё, а таксама здзейсніць рэформу міграцыйнай сістэмы, у якой будуць прысутнічаць спагада і павага да годнасці людзей”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2019, 10:25