ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЕС нагадалі пра прававыя абавязкі перад мігрантамі

Годнасць чалавека павінна быць у цэнтр палітыкі, якая тычыцца прадастаўлення прытулку, падкрэсліла Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).

Паведамленне еўрапейскіх біскупаў было апублікавана з нагоды прэзентацыі справаздачы Еўрапейскага Саюза аб сітуацыі з прадастаўленнем прытулку за 2018 г. З яго вынікае, што за ўзгаданы перыяд у краіны ЕС было пададзена каля 665 тыс. такіх просьбаў. Гэта на 10% менш, чым годам раней. Трэцяя частка тычылася непаўналетніх асоб.

Тры чвэрці ўсіх просьбаў былі складзены ў Германіі, Францыі, Грэцыі, Італіі і Іспаніі. У той час як краіны, куды трапіла найбольшая колькасць мігрантаў у адносінах да колькасці насельніцтва, гэта Кіпр, Грэцыя, Мальта, Ліхтэнштэйн і Люксембург. Станоўча былі разгледжаны 39% просьбаў, што на 7% менш, чым у 2017 г.

Існуюць “прававыя абавязкі, якія павінны паважацца”, калі асоба шукае міжнароднай абароны ў пэўнай краіне, нагадала ў спецыяльным камюніке Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці. Падкрэсліваецца, што “міжнародная абарона – гэта канкрэтны інструмент салідарнасці з тымі, хто спазнаў пераслед і насілле ў сваёй краіне”.

Еўрапейскія біскупы заклікалі краіны-члены ЕС ставіць годнасць чалавека ў цэнтр сваёй палітыкі, якая тычыцца прадастаўлення прытулку, а таксама судовых і кіраўнічых рашэнняў. “Еўропа ўсё яшчэ жадае называць сябе “хрысціянскай”. Зараз ёсць шанц, каб даказаць гэта праз актыўную дабрачыннасць у адносінах да бежанцаў”, - гаворыцца ў паведамленні.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 ліпеня 2019, 11:38