ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: калі ёсць беднасць і няроўнасць – няма дэмакратыі

Там, дзе ёсць голад, няма дэмакратыі; там, дзе ёсць беднасць, няма развіцця; там, дзе ёсць няроўнасць, няма справядлівасці, - Францішак падзяліўся сваімі думкамі з амерыканскімі суддзямі.

Пантыфік прысутнічаў на ватыканскім саміце, прысвечаным сацыяльным правам, які сабраў служыцеляў правасуддзя з усяго амерыканскага кантынента. Форум на тэму: “Сацыяльныя правы і вучэнне папы Францішка”, арганізавала Папская акадэмія сацыяльных навук.

Святы Айцец адзначыў, што ў цяперашні час свет перажывае перыяд гістарычных змен і крызісу, калі існуе парадокс: з аднаго боку мы назіраем цудоўнае развіццё прававых нормаў, а з другога – пагаршэнне сітуацыі фактычнага карыстання агульнапрызнанымі правамі.

Папа выказаў занепакоенасць тым, што некаторыя, як ён іх назваў, “дактрынёры” спрабуюць “растлумачыць”, што сацыяльныя правы састарэлі і ўжо нічога не даюць грамадству. Такім чынам, яны пацвярджаюць эканамічную і сацыяльную палітыку, якая апраўдвае няроўнасць і без павагі ставіцца да годнасці чалавека.

Францішак падкрэсліў, што кожная палітычная і эканамічная сістэма павінна забяспечыць не толькі “намінальную” дэмакратыю, але і рэалізоўваць канкрэтныя дзеянні на карысць годнасці ўсіх грамадзян, у адпаведнасці з логікай агульнага дабра, заклікаць да салідарнасці і звяртаць асаблівую ўвагу на бедных. У адваротным выпадку мы маем справу з фіктыўнай сістэмай, якая забяспечвае роўнасць выключна віртуальным чынам, а на практыцы пашырае “логіку і структуры выключэння”.

Пантыфік звярнуў увагу на факт існавання “прававых шчылін”, якія “фарміруюць карупцыю, першымі ахвярамі якой становяцца бедныя і навакольнае асяроддзе”. Таму ён заклікаў да стварэння механізмаў, якія б падтрымалі “актыўную ролю” бедных сацыяльных слаёў у пошуку і стварэнні “інклюзіўных рашэнняў”. Францішак лічыць, што гэта асабліва актуальна ў выпадку маладых людзей, якія жывуць у сітуацыі выключэння або маргіналізацыі.

Форум праходзіў 3-4 чэрвеня 2019 г. у штаб-кватэры Папскай акадэміі сацыяльных навук. Эксперты займаліся пошукам метадаў падтрымкі сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве праз пераадоленне бюджэтных абмежаванняў, ціску з боку банкаўскага, фінансавага і палітычнага кантролю. Таксама яны абмяркоўвалі магчымасць стварэння глабальнага руху на карысць абароны сацыяльных правоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2019, 12:14