ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заклікаў супрацьстаяць нянавісці і насіллю

Пантыфік яшчэ раз выказаў свае сардэчныя спачуванні пасля нападаў на дзве мячэці ў Новай Зеландыі. Ён заклікаў вернікаў, сабраных 17 сакавіка 2019 г. на плошчы св. Пятра, да малітвы за мір у свеце.

“У гэтыя дні, боль ад войнаў і канфліктаў, якія працягваюць прыгнятаць чалавецтва, стаў яшчэ большым пасля навіны пра шматлікіх ахвяр жудаснага нападу на дзве мячэці ў Крайстчэрч, у Новай Зеландыі. Я малюся за загінулых і параненых, а таксама за іх сем’і”, - сказаў Францішак пасля малітвы “Анёл Панскі”.

Папа выказаў сваю блізкасць да мусульманскай і грамадзянскай супольнасці і скіраваў запрашэнне далучыцца да малітвы і мірных жэстаў, каб супрацьстаяць нянавісці і насіллю.

15 сакавіка 2019 г. у двух мячэцях новазеландскага горада Крайстчэрч некалькі чалавек адкрылі стральбу па вернікам. Загінулі і былі параненыя дзясяткі чалавек.

Два дні таму Святы Айцец накіраваў тэлеграму пастыру мясцовай дыяцэзіі ў якой запэўніў у сваёй малітве за ахвяр “бессэнсоўных актаў насілля”, як ён назваў напады на мусульманскія храмы.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 сакавіка 2019, 12:12