ҽ

Ватыканскі сцяг Ватыканскі сцяг 

Ватыканскі дыпламат у ААН: расце неталерантнасць да мігрантаў

Святы Пасад глыбока занепакоены ў сувязі з ростам падазронасці, страху, пагарды і нават нянавісці да асобных людзей і цэлых груп, у сувязі з іх этнічнай, нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасцю.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН выказаў пазіцыю Святога Пасаду па гэтым пытанні ў рамках 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай ксенафобіі, расізму і папулісцкаму нацыяналізму у кантэксце сучаснага міграцыйнага крызісу.

Ватыканскі дыпламат зазначыў, што вельмі часта мігранты ўспрымаюцца як людзі, недастаткова годныя, каб прымаць паўнавартасны ўдзел у жыцці грамадства. Нярэдка пачуцці, якія распальваюць у народзе палітыкі, прыводзяць да актаў неталерантнасці, дыскрымінацыі і адчужэння, дадаў ён.

“Нават здараецца так, што ў свеце палітыкі, некаторыя дзеячы ўваходзяць у спакусу эксплуатацыі страхаў і аб’ектыўных цяжкасцей гэтых груп, выкарыстоўваючы ілюзорныя абяцанні ў недальназоркіх выбарчых інтарэсах. Сур’ёзнасць гэтага феномена не можа пакідаць абыякавымі”, - сказаў іерарх.

“[Мы ўсе пакліканы, кожны на сваім месцы, умацоўваць і падтрымлівасць павагу да неад’емнай годнасці кожнага чалавека, спрыяць культуры сустрэчы, адкрытасці на іншых і ўзаемнай павазе]”

, - дадаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра адказнасць рэлігійных лідэраў, якія пакліканы “пашыраць сярод сваіх вернікаў этычныя прынцыпы і каштоўнасці, якія Бог запісаў у сэрцы чалавека”. Ён заўважыў, што лідэры рэлігій і вернікі не заўсёды да канца асэнсоўвалі гэту адказнасць і што дагэтуль маюць месца акты неталерантнасці, матываваныя рэлігіяй.

Таксама і сёння здараецца, што рэлігіі, замест таго, каб спрыяць адкрытасці на іншых людзей, разглядаюцца як нагода для адчужэння, маргіналізацыі і насілля, найгоршай формай чаго з’яўляецца забойства з выкарыстаннем імені Бога ў якасці апраўдання.

“Адказам на гэта вар’яцтва не можа быць логіка “вока за вока” ці заганная спіраль насілля, але сапраўдны дыялог паміж усімі веравызнаннямі, у якім трэба пачаць з супольнага і недвухсэнсоўнага сцвярджэння, што забойства ў імя Бога – гэта блюзнерства супраць Божага імені. Іншымі словамі, павінна быць сказана рашучае і выразнае “не” ў адрас усіх форм насілля, помсты, нянавісці, якія здзяйсняюцца ў імя рэлігіі ці імя Бога”, - падкрэсліў арцыбіскуп Ауса.

Напрыканцы сваёй прамовы ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на існаванне ў некаторых краінах ідэалагічных крытэрыяў, з дапамогай якіх апраўдываюцца дыскрымінацыйныя і рэпрэсіўныя меры супраць тых людзей, якія, напрыклад, абараняюць годнасць кожнага чалавечага жыцця ці падтрымліваюць годнасць сужэнства і сям’і.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2018, 15:53