ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: рэлігія – гэта не субкультура

Уклад рэлігіі ў будаванне міру, павінен быць больш высока ацэнены, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН падчас пасяджэння, прысвечанага праблеме міру.

Рэлігія – гэта не субкультура, але частка культуры кожнага народа, нагадаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса ў Радзе Бяспекі. Ён звярнуў увагу на дзве актуальныя праблемы: звядзенне рэлігіі да ўзроўню субкультуры, што тычыцца выключна асабістай сферы і не мае права голасу ў публічнай прасторы; а таксама інструменталізацыю рэлігіі для распальвання нянавісці і насілля.

У такой сітуацыі вызнаўцы ўсіх рэлігійных традыцый павінны адзінадушна дбаць аб міры і павазе да кожнага чалавека, у тым ліку да яго рэлігійнай тоеснасці і веры, зазначыў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Іерарх звярнуў увагу на важны ўклад, які рэлігіі могуць рабіць на карысць міру. Ён нагадаў пра міжрэлігійныя сустрэчы, пачатак якім даў св. Ян Павел ІІ. Падчас іх прадстаўнікі розных веравызнанняў, не адмаўляючыся ад уласнай тоеснасці, будуюць сапраўднае сяброўства і спрыяюць вырашэнню розных канфліктаў.

Арцыбіскуп Ауса таксама прыняў удзел у пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, прысвечаным міратворчым місіям на афрыканскім кантыненце. Нарада прайшла праз тыдзень пасля таго, як “блакітныя каскі” сталі пасіўнымі сведкамі масавага забойства мірнага насельніцтва ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуў увагу на тое, што велізарныя прыродныя багацці Афрыкі, становяцца праклёнам для насельніцтва гэтага кантыненту, калі правакуюць шматлікія канфлікты і войны.

Ватыканскі дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць павялічыць інвестыцыі ў развіццё афрыканскіх краін, а таксама належна выкарыстоўваць патэнцыял мясцовай моладзі і прыродныя багацці. Цытуючы Францішка, арцыбіскуп Ауса зазначыў, што на афрыканскім кантыненце зараз дзейнічаюць сілы, якія думаюць толькі аб рабаванні рэсурсаў, а не развіцці.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

22 лістапада 2018, 11:21