ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра духоўнае вымярэнне рыбалоўнага промыслу

Памятаць пра чалавечае вымярэнне рыбалоўнага промыслу заклікаў прадстаўнік Святога Пасаду ўдзельнікаў канферэнцыі па праблемах прамысловага рыбалоўства.

Мерапрыемства, ініцыяванае ўладамі Нідэрландаў, Еўракамісіяй, Святым Пасадам і еўрапейскімі грамадскімі партнёрамі па рыбалоўным промысле, прайшло 11 ліпеня 2018 г. у рымскай сядзібе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО).

Звяртаючыся да прысутных з заключнай прамовай, а. Фернанда Чыка Арэлана, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ФАО, нагадаў, што “рыбалоўны сектар забяспечвае не толькі матэрыяльнымі рэсурсамі, але і духоўнымі каштоўнасцямі – тым унутраным багаццем, якога сёння так не хапае: плёну салідарнасці, узаемадзялення і братэрства”.

“Тым не менш, мы, на жаль, вельмі добра ўсведамляем наяўную сітуацыю з эксплуатацыяй рыбакоў, чыя праца часта бывае небяспечнай, у многіх выпадках змушанай, у якой некаторыя нават становяцца ахвярамі гандлю людзьмі”, - прызнаў іспанскі святар.

Ён выказаў занепакоенасць тым фактам, што адначасова з няўхільным ростам аб’ёмаў рыбалоўнай дзейнасці пашыраюцца і нелегальныя формы наёму працоўных у гэты сектар, які не забяспечвае работнікам ні належнай стабільнасці, ні сацыяльных гарантый.

“[Завербаваныя праз нядобрасумленных агентаў, рыбакі апынаюцца ў нечалавечых умовах, далёка ад сваіх сем’яў, на працягу доўгага часу, вымушаныя выконваць рызыкоўную працу на аснове фальшывых кантрактаў]”

, - адзначыў а. Арэлана.

Гэта, па яго словах, схіляе да аналізу дзейнасці урадаў краін, міжурадавых арганізацый і структур грамадзянскай супольнасці. “Што мы можам зрабіць ці хто павінен гэта рабіць? Вось пытанні, на якія мы вымушаны адказаць шчыра, у эфектыўны і адчувальны спосаб. Мы не можам спыняцца на тэарэтычным або рытарычным узроўнях. Настаў час дзейнічаць”, – заклікаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Хоць рыбалоўства і забяспечвае сродкамі для жыцця шматлікія сем’і, з’яўляецца крыніцай даходу для многіх краін, нельга забываць, што эканамічнае вымярэнне ніколі не можа зацяняць чалавечага, жыццёва неабходнага, каб забяспечыць развіццё, сумяшчальнае з аховай навакольнага асяроддзя, з клопатам пра сучаснае і будучае пакаленні, падсумаваў святар.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 ліпеня 2018, 15:37