ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец занепакоены сітуацыяй у Нікарагуа

У адмысловым пасланні, распаўсюджаным каталіцкімі СМІ Нікарагуа, Апостальскі нунцый у краіне ад імя папы Францішка выказаў рашучы заклік да спынення жорсткасці і насілля.

Канфлікт, які распачаўся ў краіне з 18 красавіка 2018 г., ужо забраў жыцці 360 чалавек.

“У гэты трагічны момант хачу выказаць, у тым ліку і ад імя Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, глыбокую занепакоенасць складанай сітуацыяй, у якой апынулася краіна. Зразумела, недапушчальна думаць, нібы памерлыя і ахвяры жорсткасці могуць вырашыць палітычны крызіс і гарантаваць Нікарагуа мірную і квітнеючую будучыню”, - гаворыцца ў заяве арцыбіскупа Вальдэмара Станіслава Зомертага.

“Аплакваючы ўсіх памерлых і молячыся за іх сем’і, - дадаў іерарх, - з усіх сваіх чалавечых і духоўных сіл я ўсклікаю да свядомасці кожнай асобы з просьбай дасягнуць перамір’я і зрабіць магчымым хуткае вяртанне за стол нацыянальнага дыялогу, каб разам шукаць адэкватнае рашэнне і такім чынам выйсці з крызісу. Усе мы пакорліва даручаем сябе заступніцтву Беззаганнай Дзевы Марыі, просячы аб дапамозе, каб заўсёды кіравала нашай дарагой Нікарагуа”.

У той жа час, у краіне працягваюцца нападкі на мясцовае каталіцкае духавенства. Чарговай ахвярай агрэсіі вайскоўцаў стаў біскуп дыяцэзіі Эстэлі Абеларда Мата. Паведамляецца, што некалькі дзён таму на яго напала групоўка паўстанцаў – на шчасце, іерарх здолеў уцячы.

Нягледзячы на рэпрэсіі, прадстаўнікі духавенства ў Нікарагуа працягваюць спробы арганізаваць працэс мірных перамоў. Пры гэтым яны прызнаюць наяўны “недахоп палітычнай волі ўрада весці шчыры дыялог і шукаць канкрэтныя працэсы”, якія б вялі да дэмакратыі.

Масавыя хваляванні ў Нікарагуа пачаліся ў красавіку 2018 г., пасля таго як лідар адной з самых бедных краін Цэнтральнай Амерыкі Даніэль Артэга абвясціў рэформу сацыяльнага забеспячэння, якая прадугледжвае памяншэнне дапамогі і павелічэнне ўзносаў работнікаў у Фонд сацыяльнага забеспячэння. З часам сацыяльныя пратэсты перараслі ў палітычныя маніфестацыі з патрабаваннямі адстаўкі дзеючага кіраўніка і ўстанаўлення дэмакратычнага рэжыму.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2018, 13:40