ҽ

Лагер мігрантаў ў Парыжы Лагер мігрантаў ў Парыжы 

Святы Пасад у ААН пра рэлігійныя арганізацыі і міграцыю

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным ролі рэлігійных арганізацый у абароне і інтэграцыі мігрантаў.

На сустрэчы, якая прайшла ў Нью-Ёрку 4 чэрвеня 2018 г., арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выказаў задавальненне, што ў другім праекце Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулярнай міграцыі была падкрэслена вырашальная роля рэлігійных арганізацый, якія ўяўляюць сабой унікальную па сваім ахопе і прысутнасці сетку. Яны часта запаўняюць прабелы ў дзейнасці ўрадаў і іншых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, знаходзячыся на пярэднім краі абароны правоў мігрантаў і годнасці чалавека, гарантуючы ім харчаванне, жыллё, адукацыю, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

Апрача таго, мігранты розных канфесій маюць асаблівы давер да рэлігійных устаноў. Менавіта тут яны пачынаюць атрымліваць дапамогу задоўга да прызнання падтрымкі з боку афіцыйных уладаў і міжнародных арганізацый, заўважыў ватыканскі дыпламат. Яны могуць эмацыйна звязацца з братамі па веры, што дапамагае супакоіць пачуццё страху і адзіноты.

З іншага боку, падкрэсліў іерарх, палітычныя ўлады і іншыя суб’екты давяраюць рэлігійным арганізацыям, паколькі яны глядзяць на драму мігрантаў не з палітычнай ці эканамічнай перспектыў, але з пункту гледжання абароны чалавечай годнасці – гэта гуманітарнаарыентаваны падыход.

Менавіта рэлігійныя арганізацыі часта з’яўляюцца мостам паміж мігрантамі і праваахоўнымі органамі, аблягчаюць доступ да правасуддзя, гуманітарнай дапамогі, жылля, неадкладнай медыцынскай дапамогі і адукацыі. Яны зніжаюць напружанне ў асяроддзі саміх мігрантаў.

Рэлігійныя арганізацыі могуць утварыць важную культурную і сацыяльную сетку падтрымкі новых мігрантаў і салідарнасці з імі, лічыць прадстаўнік Святога Пасаду. Арцыбіскуп Ауса нагадаў “чатыры дзеясловы Францішка”, якія, на думку Папы, трэба выкарыстоўваць адносна мігрантаў: вітаць, абараняць, заахвочваць і інтэграваць.

Паводле ватыканскага дыпламата, ужо сёння рэлігійныя арганізацыі ствараюць інфраструктуру для неадкладнай і доўгатэрміновай гасціннасці і пражывання мігрантаў, абараняюць іх правы і годнасць незалежна ад прававога статусу, забяспечваюць іх прафесійную і сацыяльную інтэграцыю, дапамагаюць культурнаму абмену.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў упэўненасць, што рэлігійныя арганізацыі гатовыя супрацоўнічаць з палітычнымі ўладамі краін і іншымі інстытутамі грамадзянскай супольнасці для аказання дапамогі тым, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2018, 14:11