ҽ

Мігрант, выратаваны ў водах Міжземнага мора Мігрант, выратаваны ў водах Міжземнага мора 

Папа заклікаў да згоды адносна Глабальнай дамовы па міграцыі

Папа выказаў надзею на згоду паміж дзяржавамі ў прыняцці Глабальнай дамовы па міграцыі. Адмысловы заклік ён скіраваў пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 17 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

Францішак спаслаўся на тое, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанцаў, устаноўлены ААН, каб звярнуць увагу на тое, што “з вялікай трывогай і пакутамі”, часта перажываюць “нашы браты, вымушаныя ўцякаць са сваёй зямлі па прычыне канфліктаў і пераследу”.

Пантыфік заўважыў, што сёлета гэта дата супадае з абмеркаваннем праекту Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулюемай міграцыі, якую дзяржавы-члены ААН пастанавілі прыняць да канца 2018 г.

“Маю надзею, што дзяржавы, якія прымаюць удзел у гэтых працэсах, дасягнуць пагаднення, каб забяспечыць – з адказнасцю і чалавечнасцю – падтрымку і дапамогу тым, хто быў вымушаны пакінуць сваю краіну. Таксама і кожны з нас пакліканы да блізкасці з бежанцамі, знайсці моманты для сустрэчы з імі, ацаніць іх уклад, каб яны маглі лепш інтэгравацца ў грамадствы, якія іх прымаюць. У гэтай сустрэчы і гэтай ўзаемнай павазе і падтрымцы знаходзіцца вырашэнне шматлікіх праблем”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Зварот Папы адносна Глабальнай дамовы па міграцыі
Навіна ў фармаце аўдыё

 

17 чэрвеня 2018, 14:40