ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак сустрэнецца з лідэрамі энергетычных кампаній

Лідэры буйнейшых энергетычных кампаній свету прыбудуць у Ватыкан, каб сустрэцца з Папам і абмеркаваць выклікі, звязаныя з экалагічнай сітуацыяй на планеце.

Форум пад назвай “Энергетычны паварот і клопат аб нашым супольным доме” пройдзе 8-9 чэрвеня 2018 г. у сядзібе Папскай акадэміі навук. У ім прымуць удзел высокія прадстаўнікі “ExxonMobil”, “Eni”, “British Petroleum”, “Royal Dutch” “Shell”, “Equinor” і “Pemex”. Арганізатарам сустрэчы выступіў амерыканскі каталіцкі Універсітэт Нотр-Дам.

Канферэнцыя адбудзецца па ініцыятыве кампаній і будзе праходзіць за закрытымі дзвярыма. Апостальскую Сталіцу на ёй прадставяць: канцлер Папскай акадэміі навук, біскуп Марчэла Санчэс Саронда і прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан. Прадугледжана сустрэча бізнесмэнаў з Папам.

“Мэтай сустрэчы з’яўляецца дыялог з лідэрамі нафтавых кампаній, каб даведацца наколькі яны ўсведамляюць, што нафта – гэта адна з галоўных прычын кліматычных зменаў, што значыць глабальнага пацяплення, якое наносіць шкоду планеце. Гэта важна, бо сёння яны кіруюць не толькі эканомікай, але таксама палітыкай у многіх краінах, асабліва ў Вялікай дваццатцы”, - заўважыў біскуп Саронда ў каментары для італьянскай “La Stampa”.

Гаворка ідзе пра тое, каб заахвоціць лідэраў энергетычных кампаній, а праз іх таксама палітыкаў, інвеставаць у абнаўляемыя крыніцы энергіі і дэкарбанізацыю, спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю, стварэнню працоўных месцаў і дабрабыту супольнага дому. “Спадзяемся, што яны пажадаюць выслухаць пасланне, як ужо робяць некаторыя. Гэта яны пажадалі сустэцца і мы рады пачаць сур’ёзны, крытычны і канструктыўны дыялог”, - дадаў канцлер Папскай акадэміі навук.

Аб важнасці пераходу да новых крыніц энергіі Францішак казаў у сваёй “экалагічнай” энцыкліцы “Laudato si'”. “Ведаем, што тэхналогія, заснаваная на спальванні выкапнёвага паліва з высокай забруджвальнасцю, асабліва вугля, а таксама нафты і ў меншай ступені газу, павінна паступова замяняцца. У чаканні разнастайнага развіцця аднаўляемых крыніцаў энергіі, якое павінна ўжо пачацца, слушным з’яўляецца выбар меншага зла або арыентацыя на пераходныя механізмы”, - падкрэсліваў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 чэрвеня 2018, 11:38