Папа ахвяраваў мільён еўра на будаўніцтва жылля для бедных
Аляксандр Панчанка - Pope
Яшчэ перад сваёй шпіталізацыяй Пантыфік падтрымаў Фонд імя ксяндза Раберта Сардэлі, які дапамагае вырашаць надзвычайныя праблемы ў жыллёвай сферы ў Вечным горадзе. Пра ахвяраваную Францішкам суму стала вядома з ліста да духавенства, які скіраваў кардынал Бальтасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.
“З 23 па 27 чэрвеня 2025 года мы будзем святкаваць Юбілей семінарыстаў, біскупаў і святароў. Каб духоўна падрыхтавацца да яго, неабходна падумаць пра канкрэтныя знакі любові і надзеі, якія мы можам даць як Касцёл Рыма”, - напісаў іерарх.
Кардынал Рэйна таксама нагадаў, што падчас апошняй сустрэчы Папы з духавенствам Рымскай дыяцэзіі ўзнімалася пытанне жыллёвага крызісу, які закранае вялікую колькасць жыхароў італьянскай сталіцы. Ён паведаміў, што пасля кансультацый са святарскай радай было вырашана падтрымаць ахвяраваннямі Фонд імя ксяндза Раберта Сардэлі. Гэтая арганізацыя, названая ў гонар святара Рымскай дыяцэзіі, які клапаціўся пра бяздомных, аказвае дапамогу сем’ям, што сутыкнуліся з жыллёвымі цяжкасцямі.
Іерарх паведаміў рымскаму духавенству пра ахвяраванне Святога Айца і заклікаў пастыраў таксама штомесяц рабіць ахвяраванні на карысць Фонду, заахвочваючы да гэтага і вернікаў. “Я думаю, што важна зрабіць такі прароцкі жэст, які надае большую пераканаўчасць таму, пра што мы гаворым”, - дадаў Папскі вікарый.