Святы Айцец: у наш час вайны патрэбны сведчанні прымірэння
Аляксандр Панчанка - Pope
3 лютага 2025 года Францішак прыняў на аўдыенцыі вернікаў з Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі і Ісландыі, якія прыбылі ў Рым у межах сумеснай пілігрымкі, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Паўночных краін. “Я малюся, каб гэты досвед супольнага пілігрымавання, як братоў і сясцёр у Хрысце, умацаваў вашыя сэрцы ў веры, надзеі і любові – трох фундаментальных элементах хрысціянскага жыцця, праз якія Святы Дух вядзе нас у нашым шляху”, - адзначыў Святы Айцец.
Францішак назваў “знакам надзеі” рост каталіцкай супольнасці ў скандынаўскіх краінах і заклікаў дзякаваць Богу за тых, хто сеяў зерні веры і дапамагаў ім прыносіць плён. Ён пажадаў сваім гасцям, каб пілігрымка да магіл апосталаў Пятра і Паўла ўмацавала іх веру і натхніла дзяліцца гэтым дарам са сваімі суайчыннікамі праз добрыя справы.
“Сапраўды, няма больш вялікай “справы”, чым перадаваць іншым збаўчае пасланне Евангелля. Мы пакліканы несці яго асабліва тым, хто знаходзіцца на ўскраінах грамадства. Давайце падумаем пра самотных і ізаляваных людзей, пра тых, хто жыве ў аддаленых рэгіёнах. Гэтая місія даверана кожнаму з вас, незалежна ад узросту, жыццёвых абставінаў ці здольнасцяў. Нават самыя пажылыя, хворыя ці тыя, хто перажывае цяжкія выпрабаванні, маюць высакароднае пакліканне сведчыць пра спагадлівую любоў Нябеснага Айца”, - падкрэсліў Францішак.
Святы Айцец заклікаў скандынаўскіх католікаў да супрацоўніцтва з хрысціянамі іншых канфесій. “У гэтыя няпростыя часы, калі свет і Еўропа сутыкаюцца з вайной, нашай чалавечай сям’і патрэбнае супольнае сведчанне прымірэння, аздараўлення і міру – тых дароў, што могуць паходзіць толькі ад Бога”, - сказаў ён.
Францішак адзначыў таксама важнасць адкрытасці да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, нагадаўшы пра шматкультурны характар скандынаўскіх краін, якія сталі прытулкам для многіх мігрантаў, у тым ліку тых, хто ўцякаў ад дыктатур у Лацінскай Амерыцы.
Напрыканцы прамовы Папа звярнуўся да моладзі. Ён нагадаў, што 27 красавіка 2025 года правядзе кананізацыю благаслаўлёнага Карла Акуціса. “Гэты святы малады чалавек нашага часу сведчыць, што нават у сучасным свеце моладзь можа ісці за Хрыстом, дзяліцца Яго вучэннем і знаходзіць паўнату жыцця ў радасці, свабодзе і святасці”, - адзначыў Пантыфік.