ҽ

Святы Айцец: навучымся надзеі ў Марыі Магдалены

Марыя Магдалена вучыць надзеі, - нагадаў Папа падчас другой юбілейнай аўдыенцыі, якая прайшла 1 лютага 2024 года ў Ватыкане. Падчас яе Францішак сустрэўся з вялікімі групамі пілігрымаў з некалькіх італьянскіх дыяцэзій.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак заўважыў, што “Юбілей – гэта новы пачатак для людзей і Зямлі”, калі “ўсё павінна быць пераасэнсавана ў святле Божай мары”. “Мы ведаем, што слова “навяртанне” азначае змену напрамку, калі ўсё можна бачыць з іншай перспектывы і такім чынам ісці да новых мэт. Так нараджаецца надзея, якая ніколі не расчаруе”, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Біблія расказвае пра гэта рознымі спосабамі”. Адзін з іх – гісторыя Марыі Магдалены, якую Езус аздаравіў і змяніў сваёй міласэрнасцю. “Сёстры і браты, міласэрнасць змяняе, міласэрнасць змяняе сэрца, а Марыю Магдалену міласэрнасць вярнула да Божых мараў і дала яе шляху новыя мэты”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа адзначыў, што апавяданне святога Яна пра сустрэчу Марыі Магдалены з Уваскрослым Хрыстом прымушае задумацца, бо “Евангеліст вельмі добра падбіраў словы”. У гэтым урыўку гаворыцца пра тое, што, гледзячы ў пустую магілу, Марыя некалькі разоў азіралася, пакуль, нарэшце, не пачула з вуснаў Настаўніка ўласнае імя.

“Дарагія браты і сёстры, давайце навучымся надзеі ў Марыі Магдалены, якую традыцыя называе “апосталам апосталаў”. У новы свет уваходзяць, навяртаючыся больш чым адзін раз. Наш шлях – гэта пастаянны заклік змяніць перспектыву. Уваскрослы вядзе нас у свой свет крок за крокам, з умовай, што мы не прэтэндуем ужо ведаць усё”, - сказаў Папа, заклікаючы кожнага спытацца ў сябе: “Ці здольны я азірацца, каб паглядзець на ўсё інакш, іншым позіркам? Ці жадаю навярнуцца?”

“Занадта саманадзейнае і занадта ганарыстае эга перашкаджае нам распазнаць Уваскрослага Езуса: таксама і сёння, насамрэч, Яго аблічча – гэта аблічча звычайных людзей, якія з лёгкасцю застаюцца за нашымі плячыма”, - сказаў Папа.

“Замест таго каб глядзець у цемру мінулага, у пустату магілы, давайце навучымся ад Марыі Магдалены паварочвацца да жыцця. Настаўнік нас чакае там. Там Ён прамаўляе наша імя, бо для нас ёсць месца ў рэальным жыцці. Ёсць месца для цябе, для мяне, для кожнага. Ніхто не можа заняць яго, бо яно было спрадвеку прызначана для нас. Кожны можа сказаць: у мяне ёсць месца, я – місія! Падумайце пра гэта: якое маё месца? Якую місію мне даў Пан? Гэта дапаможа нам заняць мужную пазіцыю ў жыцці”, - запэўніў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.

Пасля аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI Францішак адправіўся ў базіліку святога Пятра, дзе прывітаў і благаславіў прысутных там пілігрымаў.
 

01 лютага 2025, 10:28

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >