Папа: Мудрацы сталі ўзорам для Касцёла з усіх народаў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
19 лютага 2025 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала тэкст катэхезы, падрыхтаванай Францішкам для агульнай аўдыенцыі. У ёй Святы Айцец разважае пра Мудрацоў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Езусу. Сама аўдыенцыя была напярэдадні адклікана з прычыны шпіталізацыі Пантыфіка.
Як падкрэслівае Пантыфік, Мудрацы былі людзьмі, якія не належалі да народа Запавету. "Калі мінулым разам мы гаварылі пра пастухоў Бэтлеема, адкінутых яўрэйскім грамадствам як "нячыстых", то сёння сустракаем іншую катэгорыю – чужынцаў, якія адразу прыйшлі аддаць пашану Сыну Божаму", - адзначае Папа.
Францішак тлумачыць, што Мудрацы былі людзьмі, якія ўмелі глядзець па-за сябе, глядзець уверх. Яны не засталіся на месцы, але, як і вялікія пакліканыя біблійнай гісторыі, адчулі заклік рушыць у дарогу. "Зорка і прарочае слова з'яўляюцца алфавітам, якім Бог прамаўляе і дазваляе сябе знайсці", - падкрэслівае ён у тэксце.
Цытуючы старажытнага аўтара Храмацыя Аквілейскага, Святы Айцец нагадвае, што Мудрацы ўбачылі "маленькае чалавечае цела, якое прыняло Слова, але ад іх не была схавана слава Боскасці". Таму яны сталі першымі вернікамі сярод язычнікаў і вобразам Касцёла, сабранага з усіх моў і народаў.
На заканчэнне Папа заклікае вучыцца ў Мудрацоў, гэтых "пілігрымаў надзеі", якія з вялікай мужнасцю скіравалі свае крокі, сэрцы і дары да Таго, хто з'яўляецца надзеяй не толькі Ізраіля, але ўсіх народаў.