ҽ

Клініка Джэмэлі Клініка Джэмэлі  (AFP or licensors)

У Папы выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх

Медыцынскае абследаванне паказвае, што стан здароўя Папы працягвае заставацца складаным. У яго выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх, якое патрабуе дадатковага лячэння.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Паводле апошняй інфармацыі Залы Друку Святога Пасада, агучанай 18 лютага 2025 года ў 19.33, лабараторныя аналізы, рэнтген грудной клеткі і клінічны стан Святога Айца працягваюць дэманстраваць складаную карціну.

Полімікробная інфекцыя, якая развілася на фоне бранхаэктазіі і астматычнага бранхіту, запатрабавала прымянення кортыкастэроіднай і антыбіётыкавай тэрапіі. Гэта робіць працэс лячэння больш складаным.

Кантрольная камп'ютарная тамаграфія грудной клеткі, праведзеная ў другой палове дня па прызначэнні ватыканскай медыцынскай брыгады і ўрачоў паліклінікі Джэмэлі, паказала наяўнасць двухбаковага запалення лёгкіх, якое патрабуе дадатковага медыкаментознага лячэння.

Нягледзячы на складаны стан здароўя, Францішак захоўвае бадзёры настрой. Раніцай ён прыняў святую Камунію, а на працягу дня чаргаваў адпачынак з малітвай і чытаннем тэкстаў. Святы Айцец выказвае падзяку за падтрымку, якую адчувае ў гэты момант, і просіць працягваць маліцца за яго.

18 лютага 2025, 19:54