ҽ

Папа пра гандаль людзьмі: ганьба і сур'ёзнае парушэнне правоў

Нельга мірыцца з ганебнай эксплуатацыяй нашых сясцёр і братоў, падкрэсліў Святы Айцец 7 лютага 2025 года на сустрэчы з дэлегацыяй міжнароднай сеткі манахінь Talitha Kum.

Марыя Валодзіна - Pope

Аўдыенцыя была прымеркавана да XI Сусветнага дня малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі, які адзначаецца ў Касцёле ў літургічны ўспамін святой Жазэфіны Бахіты, суданскай манахіні, якая сама была ахвярай гандлю людзьмі.

У сувязі з бранхітам Францішак правёў сустрэчу ў Доме святой Марты.

У сваім звароце Святы Айцец падзякаваў арганізацыі Talitha Kum за яе служэнне, а яе маладым прадстаўнікам – за творчы падыход да інфармавання грамадства аб такім зле, як гандаль людзьмі. Ён адзначыў, што гандаль людзьмі застаецца сур'ёзнай глабальнай праблемай, якая закранае мільёны ахвяр па ўсім свеце. “Мы не павінны заставацца абыякавымі перад абліччам гэтай трагедыі”, - адзначыў Папа, заклікаючы "ўсіх узяць на сябе адказнасць за барацьбу з гэтай формай злачыннасці, якая нажываецца на найбольш уразлівых пластах насельніцтва”.

"Нам нельга мірыцца з ганебнай эксплуатацыяй нашых сясцёр і братоў", - падкрэсліў Папа, называючы гандаль чалавечымі целамі, сексуальную эксплуатацыю дзяцей і прымусовую працу “ганьбай і вельмі сур'ёзным парушэннем фундаментальных правоў чалавека”.

Францішак заклікаў усе бакі, якія ўваходзяць у сетку Talitha Kum, працягваць супрацоўніцтва, ставячы на першае месца патрэбы ахвяр і пацярпелых. Ён падкрэсліў важнасць слухання іх гісторый, клопату аб іх ранах і прадастаўлення ім магчымасці быць пачутымі ў грамадстве.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што ў Юбілейны 2025 год многія іншыя стануць пасламі надзеі і далучацца да барацьбы з гандлем людзьмі.

07 лютага 2025, 12:20