Папа звярнуўся да творцаў і пілігрымаў са шпіталя
Аляксандр Амяльчэня - Pope
16 лютага 2025 года ў Ватыкане адбылася Эўхарыстыя з удзелам дзеячаў мастацтва і культуры, якія прыбылі з розных куткоў свету для ўдзелу ў юбілейных днях. У сваім разважанні, распаўсюджаным Залай Друку Апостальскай Сталіцы, Папа выказаў удзячнасць Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі за падрыхтоўку мерапрыемстваў.
"Гэтая сустрэча нагадвае нам пра важнасць мастацтва як універсальнай мовы, якая распаўсюджвае прыгажосць і яднае народы, спрыяючы стварэнню гармоніі ў свеце і прымушаючы змоўкнуць усе крыкі вайны", - падкрэсліў Святы Айцец у сваім пасланні.
Пантыфік асабліва прывітаў пілігрымаў з Пармскай дыяцэзіі, якія прыбылі ў Рым на дыяцэзіяльную пілігрымку на чале са сваім біскупам.
Папа падзяліўся, што па-ранейшаму мае патрэбу ў лячэнні ад бранхіту, і выказаў шчырую падзяку медыкам і медыцынскаму персаналу клінікі за іх клопат і адданую працу. "Яны выконваюць каштоўную і вельмі цяжкую працу, падтрымаем іх малітвай!", - заклікаў Святы Айцец.
Францішак таксама заахвоціў вернікаў працягваць маліцца за мір ва Украіне, Палесціне, Ізраілі і на ўсім Блізкім Усходзе, у М'янме, Ківу і Судане.
Завяршаючы сваё пасланне з шпіталя, Папа даверыў усіх заступніцтву Марыі, "Поўнай ласкі", просячы дапамогі, каб усе маглі стаць, як Яна, спевакамі і творцамі той прыгажосці, якая ратуе свет.