Папа: Багародзіца вучыць нас чакаць спаўнення Божых абяцанняў
Аляксандр Панчанка - Pope
З-за прастуды Святога Айца тэкст катэхезы прачытаў айцец П’ерлуіджы Джыролі з Дзяржсакратарыяту. У сваёй прамове Папа нагадаў, што калі Панна Марыя адведала Альжбету, “перш за ўсё сам Езус, ва ўлонні сваёй Маці, адведаў свой народ, як казаў Захарыя ў сваім гімне праслаўлення”.
Пасля Звеставання Марыя, “маладая дачка Ізраэля”, адправілася ў падарожжа: яна “не баялася свету, не хвалявалася пра небяспекі і суджэнні іншых, але смела пайшла насустрач людзям”.
“Калі мы адчуваем сябе любімымі, у нас з’яўляецца сіла, якая штурхае нас на шлях любові. Як кажа апостал Павел, “любоў Хрыста ахоплівае нас”, падштурхоўвае і вядзе наперад. Марыя адчула гэты імпульс любові і паспяшалася на дапамогу сваёй пажылой сваячцы”, - адзначыў Папа. Ён таксама падкрэсліў, што Багародзіца наведала Альжбету не толькі для дапамогі, але і “каб падзяліцца верай у Бога немагчымага і надзеяй на спаўненне Яго абяцанняў”.
Калі Марыя прыбыла да Альжбеты, яна пачула словы благаслаўлення, што прынесла ёй вялікую радасць. “Сутыкнуўшыся з прызнаннем месіянскай тоеснасці свайго Сына і сваёй місіі Маці Божай, Марыя не казала пра сябе, але пра Бога і ўзнёсла праслаўленне, напоўненае верай, надзеяй і радасцю – гімн, які штодня паўтараецца ў Касцёле падчас малітвы Нешпараў: Магніфікат”, - адзначыў Святы Айцец.
“Гэта праслаўленне Бога-Збаўцы, якое зыходзіла з сэрца Яго пакорнай слугі, з’яўляецца ўрачыстым мемарыялам, які аб’ядноўвае і ўвасабляе ў сабе малітву ўсяго Ізраэля. Ён сатканы з біблійных вобразаў, што сведчыць: Марыя не хацела спяваць “у адзіночку”, але гарманічна далучалася да хваласпеваў праайцоў, праслаўляючы Божую міласэрнасць да самых пакорных, да тых, каго Езус у сваім вучэнні назаве “шчаслівымі”, - адзначыў Папа.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што фонам для Магніфікату з’яўляецца памяць пра вызваленне Ізраэля з Егіпту. У гэтым гімне словы гучаць у мінулым часе, аднак яны напоўнены любоўю і надзеяй, якая пранікае ў сучаснасць і асвятляе будучыню: “Марыя спявае пра ласку мінулага, але застаецца жанчынай сучаснасці, якая ва ўлонні сваім носіць будучыню”.
Першая частка Магніфікату праслаўляе Божае дзеянне ў Марыі – малым адлюстраванні Божага Народу, які цалкам захоўвае запавет. Другая частка ўзвышае Божую дзейнасць у вялікай гісторыі Яго дзяцей праз тры ключавыя словы: памяць, міласэрнасць, абяцанне.
“Пан, які схіліўся над пакорнай Марыяй, каб здзейсніць у Ёй вялікае і зрабіць Яе Маці Бога, пачаў збаўленне свайго народу з часоў Зыходу, памятаючы пра ўсеагульнае благаслаўленне, абяцанае Абрагаму. Бог, верны сваім абяцанням, адкрыў няспынную плынь міласэрнасці “з пакалення ў пакаленне” для вернага народу запавету. А цяпер Ён аб’яўляе паўнату збаўлення праз свайго Сына, які прыйшоў, каб вызваліць людзей ад граху”, - дадаў Папа.
“Дарагія браты і сёстры, давайце папросім сёння Пана аб ласцы цярплівага чакання спаўнення Яго абяцанняў. І будзем імкнуцца прыняць у нашым жыцці прысутнасць Марыі. Калі мы будзем вучыцца ў Яе, то зможам убачыць, што кожная душа, якая верыць і спадзяецца, “зачынае і нараджае Божае Слова””, - сказаў на завяршэнне катэхезы Папа Францішак.