Пантыфік: хто любіць – той жыве, хто ненавідзіць – памірае
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак, у якім расказваецца, як Панна Марыя і святы Юзаф, згодна з Законам, прынеслі маленькага Езуса ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Пану.
“І ў той час, калі Святая Сям’я робіць тое, што ў ізраільскім народзе рабілася заўсёды, з пакалення ў пакаленне, адбываецца нешта, чаго не здаралася ніколі”, - заўважыў Святы Айцец, нагадваючы, што два старцы, Сімяон і Ганна, пачалі прарочыць пра Езуса, славіць Бога і казаць пра Дзіця “ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема”.
“Іх узрушаныя галасы гучалі сярод старажытных камянёў святыні, абвяшчаючы спаўненне чаканняў Ізраэля: Бог сапраўды прысутны сярод свайго народа – не таму, што жыве паміж чатырма сценамі, а таму, што жыве як чалавек сярод людзей. У старасці Сімяона і Ганны адбылася падзея, якая змяніла гісторыю свету”, - падкрэсліў Папа.
Марыя і Юзаф, са свайго боку, дзівіліся таму, што было сказана пра Езуса. “Сапраўды, калі Сімяон трымаў на руках Езуса, ён назваў Яго трыма цудоўнымі словамі, вартымі роздуму: Езус – збаўленне, Езус – святло і Езус – знак, якому будуць супраціўляцца”, - адзначыў Пантыфік.
“Перш за ўсё, гэта Дзіця з’яўляецца збаўленнем. Сімяон, молячыся Богу, казаў так: “Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў”. Гэта заўсёды выклікае нашае здзіўленне – паўсюднае збаўленне засяроджана ў адным чалавеку! Гэта так, бо ў Езусе знаходзіцца ўся паўната Бога і Яго любові”, - патлумачыў Папа.
Другі аспект: Езус – “святло для асвятлення язычнікаў”. “Як сонца, што ўзыходзіць над светам, гэтае Дзіця адкупіць яго з цемры зла, болю і смерці. Як моцна мы патрабуем гэтага святла сёння!”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Нарэшце, Дзіця, якое трымаў на руках Сімяон, з’яўляецца знакам, якому будуць супраціўляцца, “каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”. “Езус паказвае крытэрый, паводле якога можна судзіць пра ўсю гісторыю і яе драму, а таксама пра жыццё кожнага з нас. Гэты крытэрый – любоў: хто любіць – той жыве, хто ненавідзіць – памірае”, - падкрэсліў Францішак.
“Асветленыя сустрэчай з Езусам, мы можам спытаць сябе: чаго я чакаю ад майго жыцця? У чым мая самая вялікая надзея? Ці хоча маё сэрца бачыць аблічча Пана? Ці чакаю аб’яўлення Яго задумы збаўлення для чалавецтва?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец, заклікаўшы вернікаў папрасіць у малітве Багародзіцу, каб Яна вяла нас праз святло і цені гісторыі да сустрэчы з Панам.