Пантыфік да студэнтаў: чытанне і разуменне патрабуюць павольнасці
Марыя Валодзіна - Pope
Папа падкрэсліў, што ўніверсітэт з'яўляецца адным з самых важных месцаў, дзе разам рыхтуюць будучыню. У сценах універсітэта адбываецца тое, што цяжка знайсці ў іншых месцах: сустрэча і абмен паміж пакаленнямі; развіццё даследаванняў у розных дысцыплінах; суіснаванне розных культурных, палітычных і рэлігійных поглядаў; перапляценне мясцовай і міжнароднай рэчаіснасці; асабісты рост праз поспехі і няўдачы, таленты і слабасці.
Францішак заклікаў універсітэцкую супольнасць паразважаць над словам, якое “ідзе насуперак сённяшнім трэндам”: павольнасць. У той час як “тэхніка зачароўвае хуткасцю, так званыя штучныя інтэлекты спакушаюць нас сваёй прадукцыйнасцю”, чытанне, вучэнне і разуменне патрабуюць павольнасці. Рост – гэта павольны і не лінейны працэс: “няўдачы і памылкі з'яўляюцца фундаментальнымі ў пошуку праўды”. Чалавечы розум непадуладны алгарытмам і лагічным працэсам. Пошук дабра з'яўляецца ўнутранай часткай чалавечага розуму, і ніхто не мае на яго манаполіі. Да яго можна імкнуцца крок за крокам, толькі разам.