ҽ

Сустрэча Папы з дзецьмі на Міжнародным саміце па правах дзяцей (3 лютага 2025 года, Ватыкан) Сустрэча Папы з дзецьмі на Міжнародным саміце па правах дзяцей (3 лютага 2025 года, Ватыкан)

Ліст дзяцей да Папы: мы марым аб больш справядлівым свеце

Францішак атрымаў ліст, напісаны ад імя дзяцей з усяго свету. Маленькія аўтары паслання выказалі надзею на мір, роўнасць і павагу да прыроды. Яны спадзяюцца, што дарослыя не застануцца абыякавымі і дапамогуць ім стварыць лепшы свет. Урывак з ліста Пантыфік зачытаў на Міжнародным саміце па правах дзяцей 3 лютага 2025 года.

Марыя Валодзіна - Pope

У лісце да Святога Айца дзеці выказалі яму сваю надзею на лепшую будучыню і падзяку за любоў, клопат і падтрымку.

"Дарагі Папа Францішак! Мы пішам табе ад імя дзяцей усяго свету. Мы хочам падзякаваць табе за тое, што ты клапоцішся пра нас і нашу будучыню, што любіш і абараняеш нас. Дзякуй за ўсё, што ты робіш для нас! Дзякуй за тое, што слухаеш нашы пытанні і знаходзіш час, каб адказаць на іх, як, напрыклад, у Сусветны дзень дзяцей. Мы шмат чаму навучыліся, і нам было прыемна пачуць і зразумець тое, што ты казаў нам.

У той дзень мы зразумелі, што ты хочаш, каб мы дапамаглі змяніць свет. Бо такі, які ён цяпер, ён не падабаецца ні табе, ні нам! Занадта шмат дзяцей пакутуюць ад голаду, ад войнаў, ад адрознення па колеру скуры, ад экалагічных катастроф.

Мы хацелі б бачыць свет больш справядлівым, без падзелу на народы, на багатых і бедных, на старых і маладых. Свет, які б стаў чысцей, дзе забруджванне не знішчала б лясы, не забруджвала б мора і не забівала б жывёл. Мы зразумелі, што выратаваць Зямлю важней, чым мець шмат грошай.

Мы хацелі б, каб свет быў для ўсіх і кожнага, без выключэнняў!

Свет, дзе ўсе дзеці (абсалютна ўсе!) могуць добра расці, вучыцца, гуляць і жыць у міры. Мы хочам міру! Мы не жадаем жыць у свеце, дзе ідзе вайна. Вайна не павінна існаваць, бо яна не нясе карысці: яна знішчае, забівае і робіць усіх сумнымі. Але некаторыя дарослыя ўсё яшчэ гэтага не разумеюць!

Разам з табою мы хочам ачысціць свет ад зла, напоўніць яго сяброўствам і павагай, дапамагчы табе будаваць прыгожую будучыню для ўсіх! Гэта цяжка? Але калі ты дапаможаш нам, стане лягчэй! Твае дзеці”

04 лютага 2025, 10:20