ҽ

Сусветны дзень малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі Сусветны дзень малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі 

Францішак: разам змагацца з сучасным рабствам

Аб'яднаць намаганні для абароны чалавечай годнасці, ліквідацыі ўсіх форм гандлю людзьмі і ўмацавання міру ва ўсім свеце, заклікаў Папа ў пасланні з нагоды XI Сусветнага дня малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі.

Марыя Валодзіна - Pope

7 лютага 2025 года ў Ватыкане было абнародавана пасланне Францішка на XI Сусветны дзень малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі, які адзначаецца ў Касцёле ў літургічны ўспамін святой Жазэфіны Бакіты. Яго сёлетняя тэма - Паслы надзеі: разам супраць гандлю людзьмі.

“У гэты Юбілейны год давайце разам, як пілігрымы надзеі, пойдзем па шляху барацьбы з гандлем людзьмі. Але як можна працягваць сілкаваць надзею мільёнаў людзей, асабліва жанчын і дзяцей, моладзі, мігрантаў і бежанцаў, якія апынуліся ў пастцы сучаснага рабства? Дзе атрымаць новы імпульс для барацьбы з гандлем органамі, сексуальнай эксплуатацыяй дзяцей, прымусовай працай, прастытуцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў і зброі? Як нам перажыць усё гэта і не страціць надзею?” - напісаў Пантыфік у пасланні, заахвочваючы ўсіх звярнуць позірк да Хрыста.

Францішак назваў моладзь, якая змагаецца з гандлем людзьмі, пасламі надзеі. Ён заклікаў і іншых далучацца да іх, каб дзейнічаць разам і падтрымліваць ахвяр і пацярпелых. Папа папярэдзіў таксама ад прывыкання да несправядлівасці і спакусы думаць, што некаторыя з'явы немагчыма выкараніць.

У пасланні падкрэсліваецца, што гандаль людзьмі з'яўляецца складанай з'явай, якая пастаянна развіваецца і падсілкоўваецца войнамі, канфліктамі, голадам і наступствамі змены клімату. Папа заклікае ўрады і арганізацыі аб'яднаць намаганні для абароны чалавечай годнасці, ліквідацыі ўсіх форм гандлю людзьмі і ўмацавання міру ва ўсім свеце.

07 лютага 2025, 13:58