Святы Айцец правёў спакойную ноч у шпіталі
Марыя Валодзіна - Pope
"Папа правёў спакойную ноч, прачнуўся і паснедаў", - гаворыцца ў ранішнім паведамленні Залы Друку.
Францішак быў шпіталізаваны 14 лютага 2025 года з рэспіраторнай інфекцыяй. Увечары 18 лютага паступіла паведамленне аб тым, што абследаванне грудной клеткі з дапамогай камп'ютарнай тамаграфіі, праведзенай па прызначэнні ватыканскай медыцынскай брыгады і спецыялістаў клінікі Джэмэлі, выявіла двухбаковае запаленне лёгкіх, якое патрабуе дадатковага лячэння.
Нягледзячы на складаную клінічную карціну, Папа застаецца ў добрым настроі і выказвае ўдзячнасць за падтрымку. Ён працягвае атрымліваць шматлікія пажаданні хуткага выздараўлення. Кіраўнікі дзяржаў, касцёльныя і грамадскія дзеячы, а таксама простыя вернікі выказваюць яму сваю блізкасць і клопат. Па словах кіраўніка Залы Друку Матэа Бруні, падтрымка вельмі кранае Францішка.