Францішак на Сусветны дзень місій: несці надзею ва ўсе куткі свету
Марыя Валодзіна - Pope
6 лютага 2025 года Францішак скіраваў пасланне на 99-ы Сусветны дзень місій, які сёлета пройдзе пад дэвізам Місіянеры надзеі сярод усіх народаў. Гэтыя словы нагадваюць усім ахрышчаным, што іх галоўнае пакліканне – быць веснікамі і стваральнікамі надзеі (пар. Юбілейная була Spes non confundit), - гаворыцца ў пасланні.
Святы Айцец падкрэсліў некаторыя важныя аспекты хрысціянскай місіянерскай ідэнтычнасці.
Па-першае, Хрыстус – гэта крыніца і ўзор надзеі для ўсіх вернікаў. Ён – цэнтр гісторыі. У сінагозе ў Назарэце Езус абвясціў, што Ён – Той, каго паслаў Айцец для абвяшчэння Добрай Навіны пра Валадарства Божае (пар. Лк 4, 16-21). Хрыстус прынёс збаўленне ўсім нам, асабліва тым, хто спадзяецца на Бога. У сваім зямным жыцці Ён рабіў дабро і ацаляў людзей, зведаў усе чалавечыя слабасці за выключэннем граху, паслухмяна даверыўся Божаму плану збаўлення чалавецтва і такім чынам стаў боскім місіянерам надзеі – вышэйшым прыкладам для ўсіх паслядоўнікаў.
Хрыстус пакінуў пасля сябе вучняў, каб працягвалі служэнне, суцяшалі бедных і прыгнечаных. Касцёл, як супольнасць вучняў-місіянераў, працягвае Яго місію надзеі сярод усіх народаў. Нягледзячы на пераслед і цяжкасці, Касцёл працягвае ісці місіянерскім шляхам Хрыста. Папа заклікаў усіх ахрышчаных ісці па слядах Хрыста, быць знакамі і пасланцамі надзеі ва ўсіх кутках свету.
Па-другое, хрысціяне як носьбіты надзеі пакліканы дзяліцца Добрай Навіной і супрацьстаяць крызісу чалавечнасці: “шырока распаўсюджанаму пачуццю разгубленасці, адзіноты і абыякавасці да патрэб пажылых людзей, а таксама нежаданню прыкладаць намаганні для аказання дапамогі блізкім у бядзе”. Пантыфік заклікаў вернікаў несці суцяшэнне “бедным, слабым, хворым, пажылым і тым, хто выключаны з матэрыялістычнага грамадства спажывання”.
Па-трэцяе, Папа заклікаў да “аднаўлення місіі надзеі”. Ён нагадаў, што вернікі пакліканы быць рамеснікамі надзеі для расчараванага чалавецтва. Францішак асабліва падкрэсліў важнае значэнне Велікоднай духоўнасці і Эўхарыстыі, асабліва падчас Пасхальнага Трыдуума, цэнтра і кульмінацыі літургічнага года. Вялікдзень дае сілы і з'яўляецца крыніцай надзеі, таму што сведчыць аб тым, што апошняе слова застаецца не за смерцю і нянавісцю.
Пантыфік падкрэсліў важнасць малітвы, заснаванай на Слове Божым і асабліва на псальмах, і заахвоціў місіянераў да канкрэтных учынкаў міласэрнасці, асабліва ў дачыненні да бедных і слабых.
Напрыканцы паслання Францішак даручыў місіянерскія супольнасці заступніцтву Панны Марыі, просячы яе, каб святло хрысціянскай надзеі асвяціла ўсіх людзей ва ўсіх кутках свету.