ҽ

Дэпартацыя мігрантаў у ЗША Дэпартацыя мігрантаў у ЗША  (Public Domain)

Папа да біскупаў ЗША: дэпартацыі наносяць шкоду годнасці чалавека

11 лютага 2025 года Францішак даслаў біскупам Злучаных Штатаў Амерыкі ліст падтрымкі, у якім звярнуў увагу на адну з найважнейшых тэм сучаснасці – міграцыю.

Марыя Валодзіна - Pope

Святы Айцец нагадаў, што шлях ізраільскага народа з рабства да свабоды, апісаны ў Кнізе Зыходу, можна разглядаць як сімвал сучаснай сітуацыі, пазначанай феноменам міграцыі. Сын Божы, стаўшы чалавекам, таксама перажыў драму міграцыі. Нарадзіўшыся ў свеце, які не прыняў Яго, Езус прайшоў шлях выгнання з уласнай зямлі і быў вымушаны шукаць прытулак у чужым грамадстве і культуры. Сям'я ўцекачоў з Назарэта з'яўляецца ўзорам і суцяшэннем для мігрантаў і бежанцаў усіх эпох і народаў, для ўсіх тых, хто падвяргаецца пераследу або вымушаны пакінуць сваю радзіму, сям'ю і сяброў і адправіцца ў чужы край.

Папа звярнуў увагу на тое, што галоўнай каштоўнасцю чалавека з'яўляецца яго “бясконцая і трансцэндэнтная годнасць”. Ён заклікаў вернікаў і людзей добрай волі “разглядаць законнасць нормаў і дзяржаўнай палітыкі ў святле годнасці чалавека і яго асноўных правоў, а не наадварот”.

Святы Айцец адзначыў, што “ўважліва сачыў за буйным крызісам, які адбываецца ў ЗША ў сувязі з пачаткам праграмы масавых дэпартацый”. Ён падкрэсліў, што хаця нацыя мае права абараняць сваю тэрыторыю і бяспеку “ад тых, хто здзейсніў гвалтоўныя або цяжкія злачынствы падчас знаходжання ў краіне або да прыбыцця ў яе”, аднак дэпартацыя людзей, якія пакінулі свае родныя землі з-за крайняй галечы, адсутнасці бяспекі, эксплуатацыі, пераследу ці экалагічных крызісаў, наносіць шкоду годнасці многіх мужчын, жанчын і цэлых сем'яў, ставіць іх у становішча асаблівай уразлівасці і безабароннасці.

Папа падкрэсліў, што сапраўднае прававое грамадства вызначаецца не толькі выкананнем законаў, але і адносінамі да самых безабаронных. Абарона найбольш уразлівых не перашкаджае распрацоўцы палітыкі па рэгуляванню міграцыі. “Аднак развіццё не можа быць дасягнута за кошт надання прывілеяў адным і ахвяравання іншых. Тое, што пабудавана на аснове моцы, а не на праўдзе аб роўнай годнасці кожнага чалавека, дрэнна пачынаецца і дрэнна скончыцца”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

Святы Айцец падзякаваў біскупам ЗША за іх каштоўныя намаганні ў абароне правоў мігрантаў. “Бог шчодра ўзнагародзіць усё, што вы робіце для абароны тых, каго лічаць менш каштоўнымі, менш важнымі ці менш чалавечымі!” - напісаў ён.

Францішак заклікаў усіх вернікаў Касцёла і ўсіх мужчын і жанчын добрай волі не паддавацца дыскрымінацыйным наратывам, а замест гэтага жыць у салідарнасці і братэрстве, будаваць масты паразумення і вучыцца, як Езус, ахвяраваць сваё жыццё дзеля ўсеагульнага збаўлення.

Ліст завяршаецца заклікам Папы маліцца да Маці Божай Гвадэлупскай за тых людзей і сем'і, якія пакутуюць ад выгнання і страху дэпартацыі, маліцца аб пабудове больш справядлівага і братэрскага грамадства, якое паважае годнасць кожнага чалавека.

11 лютага 2025, 13:39