Чарговая спакойная ноч Францішка ў шпіталі
Папа Францішак, які з 14 лютага 2025 года шпіталізаваны з рэспіраторнай інфекцыяй ў рымскай універсітэцкай клініцы імя Агасціна Джэмэлі, правёў чарговую спакойную ноч.
Аляксандр Панчанка - Pope
“Ноч прайшла спакойна. Папа падняўся і паснедаў, седзячы ў крэсле”, - паінфармавала раніцай 20 лютага 2025 года журналістаў Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Увечары 19 лютага паведамлялася, што клінічны стан Святога Айца застаецца стабільным. Аналізы крыві паказалі нязначнае паляпшэнне, асабліва ў паказчыках, якія датычаць запаленчага працэсу. Пантыфіка адведала прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, якая адзначыла яго бадзёры настрой і пачуццё гумару.
Напярэдадні ў Папы было выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх, якое патрабуе дадатковага лячэння.
20 лютага 2025, 08:57