ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа журналістам: мару пра камунікацыю, якая дае надзею

24 студзеня 2025 года, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, Папа скіраваў пасланне на 59-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Яго тэма: “З лагоднасцю дзяліцеся надзеяй, якую маеце ў сэрцах”.

Аляксандр Панчанка - Pope

Пантыфік заўважыў, што аддае перавагу камунікацыі і інфармаванню, якія “не прадаюць ілюзіі ці страх”, але шукаюць і распаўсюджваюць “гісторыі, прасякнутыя дабром”, здольныя рабіць “свет менш глухім да воклічу апошніх”. Ён прызнаўся, што марыць, каб журналісты ўмелі заставацца лагоднымі пасярод вербальных войнаў, якія нярэдка вядуць да сапраўдных крывавых канфліктаў; каб былі людзьмі, якія шукаюць “іскаркі дабра” – гісторыі, што робяць вялікімі сэрцы, ствараюць братэрства і нясуць надзею.

Вербальныя войны, агрэсія і супрацьпастаўленне

Папа заўважыў, што ў свеце шмат камунікацыі, якая “спараджае страх і адчай, забабоны і крыўду, фанатызм і нават нянавісць”; якая часта “спрашчае рэальнасць”, зводзячы яе да слоганаў, “каб выклікаць інстынктыўныя рэакцыі”, ці “выкарыстоўвае слова як лязо”, распаўсюджваючы “фальшывую ці наўмысна скажоную інфармацыю”, каб узбуджаць пачуцці, правакаваць, раніць. Францішак адзначыў, што ўсё гэта сведчыць пра камунікацыю, заснаваную на агрэсіі, у якой, пачынаючы ад ток-шоу і заканчваючы “вербальнымі войнамі ў сацыяльных сетках”, існуе рызыка перавагі парадыгмы “саперніцтва, супрацьпастаўлення” і “маніпулявання грамадскай думкай”.

Камунікацыя, якая спрыяе адкрытасці і сяброўству

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць пераадолення логікі камунікацыі, якая шукае ворагаў і абрынаецца на іх. Замест гэтага Францішак марыць пра “камунікацыю, якая ведае, як зрабіць нас спадарожнікамі многіх нашых братоў і сясцёр”, якая адраджае “надзею ў такія цяжкія часы”. Гаворка ідзе пра камунікацыю, якая звяртаецца “да сэрца”, выклікаючы “не гарачую рэакцыю закрытасці і гневу, а паставу адкрытасці і сяброўства, здольнасць засяродзіцца на прыгажосці і надзеі нават у самых, здавалася б, адчайных сітуацыях”.

Умець камуканікаваць з лагоднасцю

Папа адзначыў, што натхненнем для тэмы яго паслання сталі словы з Першага паслання святога Пятра, пра тое, што хрысціяне павінны быць заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад іх слова пра іх надзею. Каб хрысціянская камунікацыя адпавядала гэтаму закліку, трэба быць здольнымі “бачыць схаваныя крышынкі дабра, нават тады, калі здаецца, што ўсё страчана”, абвяшчаць прыгажосць Божай любові і яе навізну, а таксама ўмець камунікаваць з лагоднасцю.

“Я мару пра камунікацыю, якая не прадае ілюзій і страх, але здольная ствараць падставы для надзеі. Для гэтага мы павінны аздаравіцца ад “хвароб” пратаганізму і самарэферэнтнасці, пазбягаючы рызыкі казаць пра саміх сябе”, - заўважыў Пантыфік.

Гісторыі надзеі

Францішак заахвоціў шукаць і пераказваць “гісторыі, прасякнутыя надзеяй”, “гісторыі дабра”, устаўляючы іх у “зморшчыны штодзённых навін”. “Як цудоўна знаходзіць такія зерні надзеі і рабіць іх вядомымі. Гэта дапамагае свету быць крыху менш глухім да крыку апошніх, крыху менш абыякавым, крыху менш закрытым”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

24 студзеня 2025, 11:00