ҽ

Кард з праграмы Che tempo che fa з удзелам Папы Кард з праграмы Che tempo che fa з удзелам Папы 

Папа: законніца ўзначаліць Губернатарат Дзяржавы Ватыкан

Папа заявіў, што ў сакавіку 2025 года, калі на пенсію сыдзе цяперашні старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Фернанда Вергез Альзага, на гэту пасаду будзе прызначана законніца, сястра Рафаэла Петрыні. На дадзены момант яна з’яўляецца сакратаром Губернатарата.

Аляксандр Панчанка - Pope

Увечары 19 студзеня, дзякуючы відэасувязі з ватыканскага Дома святой Марты, Францішак прыняў удзел у тэлевізійнай праграме Che tempo che fa на італьянскім тэлеканале Nove. Вядучага цікавілі розныя пытанні, звязаныя з сітуацыяй у свеце і Ватыкане, а таксама стан здароўя Святога Айца, які некалькі дзён таму ўпаў і атрымаў лёгкую траўму перадплечча. “Мая рука ў парадку, рухаецца лепш”, - сказаў Францішак.

Каментуючы хуткае прызначэнне сястры Петрыні на пасаду старшыні Губернатарата Ватыкана, Пантыфік выказаў меркаванне, што “жанчыны ведаюць, як кіраваць, лепш за нас”.

Адказваючы на пытанне аб магчымай масавай дэпартацыі нелегальных мігрантаў з ЗША, Папа адзначыў, што лічыць такое рашэнне трагедыяй, бо яно ўскладняе жыццё бедных людзей, якія нічога не маюць “з прычыны няроўнасці ў грамадстве”. Святы Айцец паўтарыў сваю думку пра тое, што мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць, а таксама нагадаў пра іх важнае значэнне ў кантэксце дэмаграфічнага крызісу.

Гаворачы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, Францішак выказаў падзяку пасярэднікам, якія дапамаглі дасягнуць перамір’я паміж Ізраілем і групоўкай Хамас. Ён падзяліўся ўпэўненасцю ў тым, што ізраільска-палесцінскі канфлікт можна вырашыць толькі шляхам стварэння дзвюх дзяржаў, а таксама раскрытыкаваў велізарныя выдаткі на ўзбраенні.

Папа нагадаў пра важнасць захавання надзеі, якая дапамагае трываць у цяжкіх сітуацыях. Ён заклікаў не забываць пра вязняў, якія знаходзяцца ў турмах, падкрэсліўшы, што “на свабодзе ёсць мноства людзей, нашмат больш вінаватых, чым яны”.

Пантыфік падкрэсліў, што няма такога граху, які б не мог прабачыць Бог, а таксама заклікаў вернікаў не змарнаваць выключнай магчымасці сустрэчы з Божай міласэрнасцю, якую дае Святы год.
 

20 студзеня 2025, 09:35