ҽ

Папа ватыканскім суддзям: на першым месцы – збаўленне душ

Збаўленне душ – мэта рэформы судовага працэсу адносна прызнання сапраўднасці або несапраўднасці сужэнства, - нагадаў Святы Айцец 31 студзеня 2025 года супрацоўнікам Трыбунала Рымскай Роты.

Аляксандр Панчанка - Pope

Папа заўважыў, што 10 гадоў таму выдаў Апостальскія лісты Mitis Iudex Dominus Iesus і Mitis et Misericors Iesus, якімі быў рэфармаваны працэс прызнання сапраўднасці ці несапраўднасці сужэнства. Ён нагадаў, што рэформа стала адказам на просьбу ўдзельнікаў Сінода Біскупаў 2014 года “зрабіць працэсы больш даступнымі і хуткімі” і такім чынам завяршыць “душпастырскае навяртанне структур”, згодна з пажаданнем, змешчаным у Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium.

Францішак заўважыў, што хацеў змясціць у цэнтр рэформы асобу дыяцэзіяльнага біскупа, якому належыць чыніць правасуддзе ў дыяцэзіі і зрабіць даступнымі судовыя працэсы. Ён пажадаў, каб вернікі ведалі пра магчымасць звароту ў касцёльныя суды для праяснення ўласнай сітуацыі, а таксама заклікаў гарантаваць бясплатнасць працэдур, каб “Касцёл выяўляў бескарыслівую любоў Хрыста, праз якую мы ўсе былі збаўлены”.

Пантыфік нагадаў пра абавязак біскупаў клапаціцца пра добрую падрыхтоўку работнікаў дыяцэзіяльнага суда. “Інвестыцыі ў фармацыю гэтых супрацоўнікаў – фармацыю навуковую, чалавечую і духоўную – заўсёды будуць ісці на карысць вернікам, якія маюць права на ўважлівы разгляд іх просьбаў, нават калі яны атрымаюць адмоўны адказ”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што “рэформай кіраваў – і павінен кіраваць яе прымяненнем – клопат пра збаўленне душаў”. Ён заклікаў не заставацца раўнадушнымі перад абліччам пакут і спадзяванняў многіх вернікаў, якія жадаюць яснасці адносна сваёй сітуацыі і магчымасці поўнага ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці.

Папа падкрэсліў, што мэта рэформы – не павелічэнне колькасці прызнаных несапраўднымі сужэнстваў, а хуткасць і справядлівасць судовых разглядаў, каб вернікі не заставаліся ў няпэўнасці.

Пантыфік таксама нагадаў, што прынцыпы правасуддзя патрабуюць гарантавання абароны правоў бакоў і прэзумпцыі сапраўднасці сужэнства. Ён падкрэсліў важнасць цнот разважлівасці і справядлівасці для ўдзельнікаў судовых працэсаў, а таксама заклікаў памятаць, што непарыўнасць сужэнства – гэта не абмежаванне свабоды, а Божы дар.
 

31 студзеня 2025, 11:55