Пантыфік заклікае да большай падтрымкі манахінь у Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Pope
22 студзеня 2025 года Папа прыняў у Ватыкане кіраўніцтва Фонду Конрада Хілтана (Hilton Foundation), які актыўна падтрымлівае адукацыйныя і сацыяльныя праекты, у тым ліку на ўзроўні манаскіх супольнасцей.
"Місія падтрымкі годнасці чалавека асабліва актуальная ў эпоху, калі колькасць бедных і выключаных працягвае расці", - падкрэсліў Святы Айцец, адзначыўшы, што Фонд выбраў актыўную пазіцыю дапамогі патрабуючым, падобна да добрага самараніна.
Святы Айцец асабліва адзначыў важнасць падтрымкі манаскіх супольнасцей, нагадаўшы пра запавет заснавальніка Фонду – Конрада Хілтана. "У адукацыю манахінь укладвалася значна менш сродкаў, чым у фармацыю духавенства, бо лічылася, што манахіні, як і жанчыны ўвогуле, з'яўляюцца людзьмі “другога гатунку", - заўважыў Пантыфік.
Францішак з задавальненнем адзначыў, што сітуацыя паступова мяняецца: у Рымскай курыі ўжо ёсць жанчына-прэфект, у Дзяржаве Ватыкан хутка будзе жанчына-губернатар, тры манахіні ў рамках Дыкастэрыі па справах біскупаў актыўна ўдзельнічаюць у вызначэнні кандыдатаў на біскупства. "Дзякуй Богу, манахіні рухаюцца наперад і часта спраўляюцца лепш за мужчын", - выказаў сваё перакананне Папа.
Аднак Францішак таксама выказаў заклапочанасць сітуацыяй, калі некаторыя настаяцельніцы не дазваляюць сваім сёстрам працаваць у дыяцэзіяльных установах. Папа заахвоціў іх мець шырокае бачанне місіі Касцёла: "Будзьце шчодрымі, майце дыханне Паўсюднага Касцёла і місіі, якая выходзіць за межы вашага інстытута".