Папа падзякаваў за перамір’е ў Газе і заклікаў маліцца аб еднасці
Марыя Валодзіна - Pope
“У гэтыя дні было абвешчана, што з сённяшняга дня ўступае ў сілу пагадненне аб спыненні агню ў Газе. Выказваю ўдзячнасць усім пасярэднікам. Гэта выдатная праца – пасярэдніцтва дзеля міру. Дзякуй пасярэднікам! Я таксама дзякую ўсім бакам, якія ўдзельнічалі ў дасягненні гэтага важнага выніку”, - сказаў Францішак.
“Спадзяюся, што дасягнутыя дамоўленасці будуць неадкладна выконвацца бакамі і ўсе закладнікі змогуць нарэшце вярнуцца дадому і абняць сваіх блізкіх. Я моцна малюся за іх і іх сем'і. Таксама спадзяюся, што гуманітарная дапамога дасягне насельніцтва Газы як мага хутчэй і ў вялікай колькасці, бо яно мае ў гэтым вялікую патрэбу”, - зазначыў Святы Айцец.
“Як ізраільцяне, так і палесцінцы маюць патрэбу ў выразных знаках надзеі. Спадзяюся, што палітычныя ўлады абодвух бакоў пры дапамозе міжнароднай супольнасці змогуць дасягнуць справядлівага рашэння для дзвюх дзяржаў”, - адзначыў Папа, заклікаючы ўсіх сказаць так дыялогу, прымірэнню і міру.
Святы Айцец таксама пракаментаваў рашэнне аб вызваленні групы зняволеных з кубінскіх турмаў. “Гэта жэст вялікай надзеі, які рэалізуе адзін з намераў Юбілейнага года. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя месяцы ў розных кутках свету будуць ажыццяўляцца падобныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць давер на жыццёвым шляху людзей і народаў”, - пажадаў ён.
“У гэтыя дні малітвы аб еднасці хрысціян мы не перастаем прасіць у Бога каштоўны дар поўнага адзінства паміж усімі вучнямі Пана. І працягваем маліцца аб змучанай Украіне, Палесціне, Ізраілі, М'янме і аб усіх народах, якія пакутуюць ад вайны”, - заклікаў Пантыфік.